Дэпутаты Еўрапарламенту ў Беларусі – голас «русского мира»?


Бліжэйшымі днямі дзверы беларускае сталіцы будуць адчыненыя замежным гасцям. Дэлегацыі міністэрстваў замежных справаў Нямеччыны ды Францыі, а таксама група дэпутатаў Еўрапарламенту сустрэнуцца з прадстаўнікамі беларускага ўраду і парламентарамі. Падаецца, што гады ізаляцыі ды санкцыяў Еўразвязу ў дачыненні ўладаў Беларусі адыходзяць у гісторыю.

Сёння Богдан Здраеўскі разам з іншымі еўрапарламентарамі сустрэўся з міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем і намеснікам старшыні Палаты прадстаўнікоў Баляславам Пірштуком. Замежная дэлегацыя выразіла спадзяванні, што афіцыйны Менск зробіць станоўчыя крокі ў пытаннях правоў чалавека.

У Еўразвязе таксама чакаюць дэманстрацыі прагрэсу падчас мясцовых выбараў, што адбудуцца налета. Са стрыманым аптымізмам на актывізацыю дыялогу Еўразвязу з афіцыйным Менскам глядзяць прадстаўнікі апазіцыі.

Параза апазіцыі?

Пераканаць некаторых заходніх партнёраў у тым, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі надзвычай сурʼёзная, беларускай апазіцыі не ўдалося. Як прыклад, апошняя сесія Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Менску, падчас якой з канчатковага дакументу выключылі рэзалюцыю пра Усходнюю Еўропу. А менавіта яна адлюстроўвала шматлікія парушэнні правоў чалавека ў нашай краіне. Са словаў прадстаўнікоў апазіцыі, сярод тых, хто цяпер наведаў Менск, ёсць і такія, хто не ўхваляе прыняцця гэтага дакументу.

«Спадарыня Жданук, якую многія называюць спікерам »рускага міру« у Еўрапейскім парламенце. Частка дэпутатаў блізкія да Расеі. Я чакаю нейкай новай дыскусіі», – патлумачыў Анатоль Лябедзька, лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Апаненты ўлады таксама падрыхтаваліся на сустрэчу з прадстаўнікамі Еўрапарламенту. Сярод тэмаў для абмеркавання абралі «спыненне палітычных рэпрэсіяў, пытанне рэформы выбарчага заканадаўства, правядзенне свабодных і справядлівых выбараў», – зазначыў Віталь Рымашэўскі з партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Ці новыя спробы дыялогу паміж Бруселем і Менскам прынясуць пажаданыя вынікі для ўсіх беларусаў? Пакуль жаданне больш блізкіх дачыненняў з Захадам з боку Менску застаюцца збольшага на словах. Летась Еўразвяз скасаваў амаль усе санкцыі супраць Аляксандра Лукашэнкі ды ягонага атачэння. Аднак гэта не прынесла лібералізацыі. Увесну па Беларусі прайшлася чарговая хваля рэпрэсіяў іншадумцаў.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Andrejs Mamikins