Аб'ектыў 23.01.2017 «Дармаеды» пройдуцца маршам па ўсёй Беларусі


«Марш недармаедаў». Акцыі пратэсту з такою назваю пройдуць бліжэйшым часам у буйных гарадах Беларусі. Сёння ў Менску адбылася прэс-канферэнцыя арганізатараў акцыяў нязгоды. Актывісты агучылі план і фармат правядзення мітынгаў.

Магілёў, Гомель, Менск – менавіта гэтыя гарады дадуць пачатак акцыям пратэсту. Арганізатары Маршу недармаедаў спадзяюцца, што мітынгі за адмену дэкрэту № 3 «Аб сацыяльным утрыманстве» выведуць на вуліцы тысячы праціўнікаў закону, які ў Беларусі называюць нялюдскім.

«Мы гаворым не пра адзін марш. Мы гаворым пра некалькі маршаў. Старт хутчэй за ўсё адбудзецца 19 лютага ў Магілёве і Гомлі, дзе ёсць прынятае рашэнне правесці маршы супраць дэкрэту аб гэтак званых дармаедах». – распавёў Анатоль Лябедзька, лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі.

15 сакавіка «Марш недармаедаў» плануецца правесці ў Менску

Аргкамітэт запрашае на акцыю ўсіх ахвотных ды агучвае фармат.

«Мы вызначылі фармат, які даў бы магчымасць далучыцца да акцыі новым людзям, усё зрабіць, каб улада дала дазвол на яе правядзення. Мы падамо заяўку на Акадэмію навук і шэсце на плошчу Бангалор. Больш радыкальныя акцыі будуць праводзіць іншыя арганізацыі», – патлумачыў Дзяніс Садоўскі з аргкамітэту «Маршу недармаедаў».

Усе дэмакратычныя сілы далучацца да ініцыятывы

Некаторыя абʼяднанні плануюць правесці свае акцыі пратэсту. Вывесці людзей на вуліцу спрабуе Незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці.

«Калі гэта пытанне сацыяльнага характару, калі прафсаюз узяўся за гэтую справу, то лепш было б партыям і рухам каардынаваць сваю дзейнасць каля прафсаюзу, а не перацягваць гэта на сябе», – упэўнены прафсаюзны лідар Генадзь Фядыніч.

Збіраюцца і подпісы супраць Закону аб «дармаедах».

Гэтым разам акцыі ў Менску ды іншых гарадах Беларусі ініцыявала Абʼяднананая грамадзянская партыя. Са словаў арганізатараў, асабліва актыўна аддаюць галасы жыхары беларускай сталіцы. Цягам толькі адной гадзіны актывісты сабралі больш за 200 подпісаў.

Людзі сканчаюць жыццё самагубствам

Незадавальненне ў грамадстве выклікае, што ў спісы дармаедаў трапляюць выпадковыя асобы. Хворыя, беспрацоўныя, апекуны дзяцей ды інвалідаў – вось некаторыя катэгорыі грамадзянаў, якіх дзяржава прымушае плаціць грошы.

«90 % – гэта маламаёмныя грамадзяне. Гэта тыя людзі, якія выжываюць. Дэкрэт ударыў па самых неабароненых людзях, па людзях, якія не могуць знайсці гэтыя сродкі. Я нагадаю, што два самагубства ўжо было. Гэта толькі тое, што мы ведаем афіцыйна», – даводзіць праваабаронца Алег Волчак.

Ці самыя жыхары краіны гатовыя адстойваць свае правы на вулічных акцыях?

Меркаванні апытаных «Белсатам» падзяліліся.

«А як яшчэ змагацца? Трэба схадзіць».

«Калі я буду ў той момант у Менску, то пайду».

«Сам я не пайду, але гэта патрэбная справа».

«Усе баяцца, ніхто не пойдзе».

«Гэта як рабства. Гэты закон супярэчыць канстытуцыі».

– выказаліся менчукі.

Са звестак праваабаронцаў, «лісты шчасця» атрымалі прыблізна чатырыста тысяч жыхароў Беларусі. Юрысты раяць у кожным выпадку абскарджваць спагнанне ды не плаціць грошай.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары