Чыноўнікі расчаравалі «Дармаедаў». Пратэсту – быць


У адміністрацыю Маскоўскага раёну Менску на сустрэчу з памочнікам кіраўніка краіны Аляксандрам Якабсонам прыйшлі прадстаўнікі апазіцыі, а таксама дзясяткі людзей, якіх дзяржава залічыла ў дармаеды. Кожны прынёс сюды свае прэтэнзіі.

Ці людзі атрымалі тут дапамогу?

Незалежных журналістаў на сустрэчу не пусцілі. Аднак, паводле прысутных, далёка не ўсе, хто сюды прыйшоў, могуць разлічваць на вызваленне ад падатку.

«Мне з сумным тварам сказалі, што мы вам паведамім пра нашыя высновы», – кажа ўдзельніца сустрэчы.

У Жодзіне з беспрацоўнымі сустрэлася кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта

На спатканне з Наталляй Качанавай у Жодзіне пусцілі толькі дзяржаўныя медыі. Згодна з імі, сурʼёзных праблемаў чыноўніца не заўважыла, а шматлікія скаргі грамадзянаў у найвышэйшыя інстанцыі патлумачыла маруднаю працаю мясцовых органаў.

«Гэта паказнік працы мясцовых органаў. Калі павялічваецца колькасць паўторных зваротаў, павялічваецца колькасць зваротаў у вышэйшыя інстанцыі – гэта сігнал, што некаторыя пытанні не дапрацоўваюць», – крытыкуе спадарыня Качанава.

Гэткія сустрэчы адбыліся ў шматлікіх выканкамах па ўсёй краіне. Аднак ці палепшаць яны лёс людзей, якіх дзяржава прымушае заплаціць немалы падатак?

«Самае лепшае і самае простае, што можна зрабіць гэта шчыра сказаць: мы зрабілі памылку, мы яе прызнаём, адмяняем указ, а канцэнтруемся на праграме Мільён новых працоўных месцаў, якія прапануе АГП, і ствараем новыя працоўныя месцы», – жартаўліва прапаноўвае Анатоль Лябедзька, лідар Абʼяднанай грамадзянскай партыі .

Пакуль гаворка пра гэта не вядзецца. Раней дэпутатка Палаты прадстаўнікоў ад АГП Ганна Канапацкая атрымала адказ з Адміністрацыі прэзідэнта пра мэтазгоднасць «падатку на дармаедаў». Маўляў, дэкрэт спрыяе скарачэнню ценявой эканомікі, а таксама ўцягвае грамадзянаў у дазволеныя законам віды дзейнасці. Насамрэч «лісты шчасця» выклікалі абурэнне значнай часткі беларускага насельніцтва. У розных кутках краіны прайшлі стыхійныя акцыі пратэсту.

Змаганне за адмену дэкрэту ідзе ў судах і на вуліцы

У Гомлі пачаўся першы суд гэтак званага дармаеда супраць падатковай інспекцыі. Гомелец Аляксандр Сямёнаў намагаецца давесці незаконнасць спагнання падатку.

Сёння ў Берасці прайшла новая акцыя нязгоды.

А заўтра ў Менску пройдзе «Марш абураных беларусаў» супраць дэкрэту «Аб сацыяльным утрыманстве».

«Калі мы пагодзімся на гэтую дурасць, на гэтае варʼяцтва з нас далей ужо будуць віць вяроўкі, з нас будуць рабіць усё, што захочуць. Таму 17 лютага а 18 гадзіне я заклікаю ўсіх тых, хто падпаў пад гэты закон, і хто не падпаў – прыходзіць на Кастрычніцкую плошчу», – заявіў суарганізатар маршу паэт Уладзімір Някляеў.

Адказным за правядзенне акцыі выступае Рада Беларускага нацыянальнага кангрэсу

Паводле агучанага сёння плану, пратэстоўцы збіраюцца прыйсці да будынку Міністэрства падаткаў і збораў, каб патрабаваць адмены «падатку на дармаедаў».

Ян Бабіцкі, «Абʼектыў»