Дапамога непералётным у маразы


«Птушкі звыклі да прыкорму, а чалавек забывае на гэта ў халады». У Цэнтр дапамогі дзікай жывёле прывозяць замерзлых і скалечаных лебедзяў.

Зіма – не самы просты час для птушак, якія застаюцца на зімоўку. Добра пра гэта ведае Ірына Траяноўская, кіраўніца Цэнтру дапамогі дзікай жывёле «Сірын», які прымае скалечаных ды аслабленых птушак.

«З моманту, як пачаліся маразы, ужо даехала восем лебедзяў, дзявяты яшчэ чакае, адна чапля, адзін дрозд і адна сава. Гэта тыя, хто відавочна праз маразы: ляцелі, ляцелі, замерзлі, прымерзлі і не даляцелі», – распавядае кіраўніца Цэнтру дапамогі дзікай жывёле «Сірын» Ірына Траяноўская.

Прыехаў у «Сірын» скалечаны лебедзь з возера Лебядзінага.

«У яго ўсё крыло было ў крыві, бок быў у крыві. Нават цяпер у мяне слёзы наварочваюцца, калі я ўзгадваю гэты жах», – узгадвае Жанна, мясцовая жыхарка мікрараёну «Лебядзіны», якая ініцыявала выратаванне лебедзя.

Работнікі цэнтру і адмыслоўцы ўпэўненыя: каб такога не здаралася, чалавек мусіць змяніць сваё стаўленне і звычкі.

«На тых рэках і азёрах, дзе людзі іх падкормліваюць, дзесьці ў парках, лебедзі прызвычайваюцца, што гэта падкормленае месца, і яны адтуль пасля не адлятаюць. Чаму яны пасля і замярзаюць, умярзаюць у лёд, бо ведаюць, што чалавек прыйдзе, і чалавек пакорміць, яны разлічваюць на гэта. А ў людзей тэндэнцыя такая: карміць летам, а зімой ужо не хадзіць, не падкормліваць», – зазначае Вераніка, работніца Цэнтру «Сірын».

Да таго ж найчасцей у якасці харчоў людзі прыносяць белы ды чорны хлеб. Арнітолагі ж кажуць катэгарычна: хлеб наносіць сур’ёзную шкоду здароўю птушак.

Лепш прапануйце вадаплаўным загадзя замочаныя ячмень ды пшаніцу, адвараную бульбу, сырыя моркву і капусту. Верабʼіныя з задавальненнем падсілкуюцца несалёнымі ды насмажанымі семкамі сланечніку і гарбуза, арахісам.

Даведка

Рэцэпты сумесяў ад Кацярыны Букас:

1. Несалёныя, нясмажаныя сланечнікавыя семкі, арахіс, шматкі аўсянкі.

2. Несалёныя, нясмажаныя сланечнікавыя семкі, арахіс, шматкі аўсянкі, проса, рапс, зерне аўса (пшаніцы, ячменю).

У якасці ласунку сінічкам ды дзятлам да спадобы прыйдзецца несалёны кавалачак свежага сала.

Добра гэта ведаюць аматары назірання за птушкамі. Кацярына Букас штодня нарыхтоўвае для сваіх крылатых суседзяў розныя сумесі для клапатліва рассыпае іх па кармушках ля свайго дому.

«Не так даўно з новых птушак да мяне першы раз прыляцеў шпачок, адзін шпачок. А сёння ўпершыню прыляцеў таўстадзюб», – дзеліцца сваімі назіраннямі Кацярына Букас.

Акрамя правільнага і своечасовага падкормлівання, зазначаюць адмыслоўцы, у халодную пару ні ў якім разе нельга трывожыць і пужаць птушак.

«Нейкі нават кідок сняжком у бок птушак, выхад на лёд, маханне рукамі непакояць птушак, яны могуць адляцець. А кожны палёт такі, пералёт адбірае сілы», – тлумачыць Ірына Самусенка, загадчыца лабараторыі арніталогіі Навукова-практычнага цэнтру Нацыянальнай акадэміі навук па біярэсурсам.

Падтрыманне цяпер патрэбнае і «Сірыну», бо са зʼяўленнем новых гадаванцаў цэнтру давялося закупляць дадатковы корм. Акрамя фінансавай актуальнай застаецца дапамога натуральнымі харчамі. Падрабязную і кантактную інфармацыю можна знайсці на сайце sirin.by.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»