Дамоўленыя матчы працягнуцца, бо ў футбалістаў малы заробак


«Подкуп удзельнікаў ды арганізатараў прафесійных спартовых імпрэзаў і відовішчных камерцыйных конкурсаў» – артыкул 253-ці крымінальнага кодэксу Беларусі. За ўсю гісторыю незалежнае Беларусі паводле гэтага артыкулу нікога не асуджвалі. Да сёння.

Вердыкт пачулі 15 фігурантаў справы

«Грошы прыходзілі з-за мяжы, іх прывозіў кур’ер. Пасля праз трэнера яны размяркоўваліся сярод гульцоў, у некаторых выпадках курʼер сам беспасярэдне выходзіў на футбалістаў. Нячыстыя заробкі такіх спартоўцаў сягалі тысячы долараў за гульню», – распавядае спартовы аглядальнік «Белсату» Алесь Пуціла.

Вердыкты гучалі амаль без зменаў, так, як і прасіў бок абвінавачання. Двум беларускім арганізатарам крымінальнае схемы – па тры гады абмежавання волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Былому трэнеру «Іслачы» – 2 гады ўмоўна. Астатнім – штрафы. Штрафам, замест зняволення, як таго прасіў пракурор, абышоўся толькі грашовы курʼер – грамадзянін Украіны, экс-баскетбаліст Яраслаў Лемік.

«Гэта толькі вярхушка айсбергу, прычым не нашага айсбергу. Ён распаўсюджваецца на некалькі рэспублік, якія вакол нас», – апісвае маштаб карупцыі журналіст Віктар Федаровіч.

Грошы на подкуп спартоўцаў прыходзілі з Расеі ды Украіны

Вядома, што ў справу замешаныя крымінальныя аўтарытэты з некалькіх дзяржаваў.

«Па матэрыялах справы арганізатары знаходзяцца ў Расеі і ва Украіне», – зазначыў пракурор Анатоль Кабяк.

Такім чынам арганізатары злачыннае схемы следству вядомыя, але застаюцца па-за дасяжнасцю беларускага правасуддзя.

Амаль усе прызналі віну

У дамоўленых матчах удзел бралі футбалісты і трэнеры клубаў «Іслач», «Граніт», «Ашмяны» ды «Прамень». За тое, каб згуляць з патрэбным вынікам, яны атрымлівалі да $ 1000 за матч, хоць большасць атрыманых сумаў была меншая. На працэсе 14 з 15-ці асобаў цалкам прызналі віну, адна асоба прызнала віну часткова.

Не ўсе з пакораю прынялі вырак

Фігурант справы, экс-нападнік «Іслачы» Аляксандр Лебедзеў, асуджаны да выплаты больш як Br 18 тыс., назваў пакаранне не адпаведна высокім да памеру атрыманых за злачынства грошай.

«Не ўсе клубы публікуюць фінансавую статыстыку, таму не вядома, колькі ў сярэднім зарабляе айчынны футбаліст, але думаю недзе каля 500 долараў», – упэўнены Алесь Пуціла.

З такімі заробкамі, заўсёды будзе спакуса зарабіць крыху болей. Пагатоў для гэтага, паводле самога экс-нападніка «Іслачы» Аляксандра Лебедзева, рабіць трэба было няшмат. А таму наступныя такія справы могуць быць не за гарамі.

Ігар Кулей, «Белсат»