Да тысячагоддзя гораду ўлады Берасця рамантуюць вуліцы. Вось толькі месцамі рамонт адбываецца выключна на паперы. Гэтак здарылася на вуліцы Шаўчэнкі, дзе была адрамантаваная толькі палова вуліцы.
Берасцейка Ганна Канюс звярнулася ў гарвыканкам з просьбай усталяваць на вуліцы абмежаванне хуткасці для аўтамабіляў. У адказе за подпісам намесніка старшыні гарвыканкаму Вадзіма Краўчука адзначалася, што сёлета на Шаўчэнкі цалкам заасфальтавалі праезную частку.
«Так выяснялася, што ўвогуле зроблены рамонт на гэтай вуліцы. А гэта азначае, што рамонт не зроблены на гэтым кавалку вуліцы, а гэта азначае, што калі наш кавалак праз 5 год прыйдзе ў стан ніякі, то не будзе рамонту, бо на паперы ён быў», – абураецца Ганна.
У гарвыканкаме нам гэтак і не адказалі. Дагэтуль актуальнай для жыхароў раёну застаецца і праблема з бяспекай дарожнага руху. Паболець праблемаў можа ўжо неўзабаве. У сувязі з рэканструкцыяй Кобрынскага мосту ў хуткім часе, па вуліцы Шаўчэнкі пойдзе вялікая частка гарадскога транспарту. А ў Ганны Канюс да ўладаў узнікаюць і іншыя пытанні:
«І куды дзяваліся сродкі якія былі выкарыстаны на ўсю вуліцу ў такім разе? Дзе гэты асфальт, можа былі якія машыны, заробкі. Дзе грошы?», – кажа Канюс.
Да тысячагоддзя ў Берасці плануецца зрабіць шмат, і калі працы пойдуць гэтак, як на вуліцы Шаўчэнкі, звяртацца з гэтымі пытаннямі да ўладаў трэба будзе яшчэ не раз.
Алесь Ляўчук, «Белсат»