Чаму ўлады ніяк не ўсталююць мемарыял у Курапатах


Як толькі гучней пачынае гучаць тэма Курапатаў, актывуюцца і ўлады. Гэтак і цяпер. Другі тыдзень доўжыцца вахта супраць рэстарацыі «Паедзем паямо» каля самага ўрочышча. Тым часам дзяржава падрыхтавала ажно тры праекты мемарыялу ў Курапатах.

Ідэя пабудаваць памятны знак у Курапатах з’яўлялася яшчэ ў 1990-ыя гады, а пазалетась суполка «Эксперты ў абарону Курапатаў» абвесціла конкурс і запрасіла ў журы вядомых грамадскіх дзеячаў. Сёлета ў лістападзе маюць назваць лепшыя эскізныя праекты. Іх мае аб’ядноўваць галоўная тэма – пакаянне.

Летась, пасля мінулага супрацьстаяння ў Курапатах з нагоды будаўніцтва фітнес-цэнтру, конкурс на стварэнне мемарыялу ва ўрочышчы абвесціла дзяржава. Пры гэтым грамадскасць запэўнілі, што ў склад камісіі і ў журы трапяць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. У выніку ж, без узгаднення з грамадскасцю абралі тры праекты.

Пакаянне ці прымірэнне? Тэма сталінскіх рэпрэсіяў замоўчвалася ў савецкія часы. Сітуацыя амаль не змянілася і ў сучаснай Беларусі. Дагэтуль не апублікаваныя сапраўдныя лічбы, якія дазволяць уявіць маштаб трагедыі. Нашчадкі ахвяраў і іх катаў дагэтуль ня ведаюць праўды.

«Разумееце, мяняецца канцэпцыя Курапатаў. Мемарыял жа ўжо народны зроблены, а яны хочуць улезці ў цэнтр. А трэба ўсё захаваць і галоўнае – вярнуцца да ахоўнай 300-метровай зоны. І тады там не месца для бардэлю. А яны ж хочуць новы канфлікт стварыць. Мы ж будзем змагацца і не дамо там усталяваць «родзіну-маць» з чырвонай зоркай», – кажа Алесь Чахольскі з КХП БНФ.

На фоне новага супрацьстаяння паміж грамадствам і ўладамі заявы пра вылучаныя тры праекты выклікалі новую хвалю абурэння. Назіральнікі лічаць, што спроба ўладаў усталяваць свой памятны знак, каб перахапіць ініцыятыву, можа мець адваротны эфект.

Любоў Лунёва, belsat.eu