Чаму ў калоніях і турмах асуджаныя заварочваюцца ў туалетную паперу?


Што адбываецца з тымі, хто саступіў са сцежкі законнасці? Жыццё вязняў у беларускіх турмах застаецца максімальна закрытым ад грамадства. У шклоўскай калоніі жыццё самагубствам скончыў 26-ці гадовы мужчына, асуджаны за пакушэнне на забойства. Пра гэта паведаміў праваабаронца Мікіта Ліхавід, які зазнаў на сабе асаблівасці беларускай карнай сістэмы.

Шклоўская калонія, ці папраўчая калонія нумар 17. У адным з яе карцэраў днямі скончыў жыццё самагубствам 26-цігадовы Міхаіл Тарасевіч, які адбываў 12-цігадовае пакаранне за спробу забойства.

«Як нам стала вядома, гэта адбылося пасля таго, як прыязджаў правяраючы з Менску і пагражаў яму тым, што адправіць яго на турэмны рэжым», – распавёў Мікіта Ліхавід.

У Дэпартаменце выканання пакаранняў і Следчым камітэце ад каментароў адмаўляюцца

Мікіта Ліхавід, які зрабіўся праваабаронцам пасля таго, як сам адбыў тэрмін у калоніі за мітынг на Плошчы, на падставе інфармацыі з уласных крыніцаў дапускае, што Тарасевіча ў калонію перавялі з магілёўскае турмы, дзе ўмовы нашмат горшыя. Для асуджанага, які падпісаў паперы пра згоду стаць на шлях выпраўлення, вяртанне назад у турму магло стацца фатальным.

«Усе ягоныя непрыемнасці маглі б быць звязаныя з адносінамі ўнутры арыштанцкай супольнасці, то бок звязаныя з тым, што чалавек змяніў свой лад паводзінаў у пэўны момант, што непрымальна ў арыштанцкай супольнасці», – патлумачыў былы палітвязень.

За тым, што адбываецца за кратамі, сачыць амаль немагчыма

Турмы закрытыя ад вачэй грамадскасці. У грамадска-наглядальную камісію, якая мусіць сачыць за парадкам за кратамі, не ўваходзіць ніводны праваабаронца. Нават паводле ўставу ў турмах прадугледжаная гадзіна шпацыру за дзень і 2 пасылкі за год, доўгія спатканні забароненыя. Вядома, што ў некаторых турмах камеры перапоўненыя.

Ці можа такі рэжым спрыяць выпраўленню асобы?

«Не, не можа ні ў якім разе, я сам сутыкаўся з гэтым – трохі незаконна, харчаванне несусветнае. Шмат хто пасля гэтага заражаецца туберкулёзам. Калі штосьці не так, садзяць у карцэр, дзе тэмпература 12 градусаў – а адная толькі бялізна. Людзі заварочваюцца туалетнай паперай каб было цяплей», – распавёў мінак.

Гэтую сістэму на ўласнай скуры адчулі палітыкі, журналісты і грамадскія дзеячы

Былы палітвязень Алесь Бяляцкі амаль 3 гады правёў у папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму ў Бабруйску. Метады «выпраўлення» там – выключна «паказныя».

«Мы прыходзілі ў вялікі клуб, што есць у Бабруйскай калоніі. Сядалі ў гэты клуб. На 5 хвілінаў прыходзіў выхавальнік ці псіхолаг што мусіў чытаць ягоную лекцыю. 5 хвілін ішло ўсё, бо гэты фармальны ягоны выступ, на гэтым усё сканчалася, атрады разварочваліся і сыходзілі з клубу. Асноўны інструмент «выхавання» ў Бабруйскай турме – страх», – зазначыў спадар Бяляцкі.

Мяркуючы з таго, што адбылося ў Шклоўскай калоніі, эфект уздзеяння такога інструменту можа быць трагічны. Між тым, у беларускіх папраўчых установах паводле апошніх звестак утрымліваюцца амаль 30 тысячаў чалавек.

Марына Вашкевіч, «Белсат»