Чаму ў Беларусі беспрацоўе, а працоўных рук не хапае?


Сітуацыя з беспрацоўем паляпшаецца, сцвярджае Нацыянальны статыстычны камітэт. Паводле сітуацыі на чэрвень, за апошні год афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі паменела на 13 тысячаў чалавек. Гэта азначае скарачэнне больш чым на чвэрць.

Але, як вынікае з той жа афіцыйнай статыстыкі, тое, што колькасць афіцыйных беспрацоўных змяншаецца, не азначае, што гэтыя людзі былі працаўладкаванныя. За 12 месяцаў, што прайшлі з мінулага чэрвеня да гэтага, колькасць прынятых на працу перавысіла колькасць звольненых толькі двойчы – у верасні і кастрычніку мінулага года. Агулам жа за гэты перыяд тых, хто страціў працу, было на 64 тысячы чалавек болей, чым тых, хто здолеў уладкавацца.

Беларусы выходзяць на адзіночныя пікеты ад адчаю

Гамяльчук Аляксандр Лебедзеў, які адбыў турэмнае пакаранне 7 месяцаў таму, беспаспяхова спрабуе знайсці працу праз цэнтр занятасці з красавіка. Бесперспектыўнасць такіх пошукаў змусіла яго выйсці на вуліцу з плакатам – дапамажыце знайсці працу.

«Схадзіце на біржу паглядзіце, якая там праца. Там па 50 чалавек на месца, калі зʼяўляецца нешта», – даводзіць Аляксандр.

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, колькасць занятых у эканоміцы скарацілася за апошні год на 46 тысячаў чалавек. А з улікам зніклых беспрацоўных – на 60 тысяч працаздольных асобаў.

Куды ж знікаюць працаздольныя беларусы?

Сярод крыніцаў уцечкі адмыслоўцы адзначаюць дэмаграфію і працоўную міграцыю. Яшчэ адна прычына выключэння з ліку працоўнай сілы, паводле правілаў статыстыкі, гэта тое, што чалавек зняверыўся, што знойдзе працу, і перастаў яе актыўна шукаць. У Нацыянальным статыстычным камітэце нам заявілі, што толькі фіксуюць факт змяншэння працоўнай сілы, але не адсочваюць яе прычынаў.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum