Чаму Лукашэнка абураны чыноўнікамі з Воршы


Чацвёрты кіраўнік за апошнія паўтара года. Лукашэнка замяніў Аляксандра Пазняка на Ігара Ісачанку на пасадзе старшыні Аршанскага райвыканкаму.

Але, ці дасць гэта вынік і навошта кіраўнік краіны абураецца працаю чыноўнікаў, якіх сам жа і прызначае, цягам вось ужо 24 гадоў? На прыкладзе Аршаншчыны разбіраўся Сцяпан Святлоў.

«Аршанская зямля – старажытная і авеяная славай. Яе мінулае і сучаснасць дае нам права ганарыцца і захапляцца сваёй малой Радзімай». Гэтак усцешана сустракае сваіх наведнікаў старонка аршанскага райвыканкаму. Што праўда, у рэчаіснасці падставаў для захаплення і гонару небагата.

«Вы мне будзеце распавядаць пра гераізм?! Прэзідэнт паставіў публічна, перад народам, жалезабетоннае заданне – рашыць і кропка. А вы заняліся сабатажам!» – не стрымліваў эмоцыяў Аляксандр Лукашэнка.

Гутарка пра вынікі працы аршанскіх чыноўнікаў, якія Лукашэнка пабачыў на ўласныя вочы.

Асфальт у траве, не адрамантаваны дах, старое абсталяванне, «дохлыя пацукі і прэзерватывы» ды мора іншых прэтэнзіяў па выніку візіту на аршанскі інструментальны завод і тры іншыя арганізацыі Воршы. Прычыны правалу з вуснаў кіраўніка краіны прагучалі на наступны дзень:

«Прычына адна – у пафігістычным стаўленні ўраду да даручэнняў прэзідэнта».

І як вынік – трэцяя змена аршанскага кіраўніка за апошнія паўтара года.

Пачаліся ж перастаноўкі акурат у часы леташніх пратэстаў недармаедаў. Тады ў 116-цітысячнай Воршы адбылася адная з самых масавых акцыяў у краіне, заўважае рэдактар парталу orsha.eu Ігар Казмерчак:

«Тады Лукашэнка паставіў задачу падняць Аршаншчыну з руінаў ды попелу, і з тае пары яны падбіраюць больш-менш прыстойнага кіраўніка для свайго пад’ёму. Спачатку знялі Лісоўскага, бо па сутнасці за 9 гадоў, можна сказаць, ён давёў Воршу да руінаў і попелу».

Адметна, што Мікалай Лісоўскі кіраваў Аршаншчынаю больш за 9 гадоў. Замяніў яго «хваравіты» Леанід Пянькоўскі. Ён пратрымаўся на пасадзе менш за тры месяцы ды запомніўся інцыдэнтам, калі ў ягоны дом без санкцыі Лукашэнкі ўварваліся сілавікі. Пазней высветлілася, што Пянькоўскі нібыта хварэў, а таму не выходзіў на працу. Нарэшце, перадапошні кіраўнік Аршанскага раёну, Аляксандр Рыгоравіч Пазняк, спрабаваў падняць раён цягам апошняга года. Таксама безвынікова.

«Чаму не выканалі? Чаму не зрабілі, як я казаў? Чаму «Будтрэст» куляецца? Пазняка адправіць у адстаўку і знайсці яму іншую працу», – заявіў падчас нарады Аляксандр Лукашэнка.

Цяпер ратаваць Аршаншчыну паслалі былога вайскоўца, прыхільніка «суворых падыходаў» і камунальніка са стажам Ігара Ісачанку. Вось толькі ад перамены месцамі чыноўнікаў вынік не мяняецца, канстатуюць эксперты. Сярод іх палітолаг Сяргей Нікалюк:

«Досвед паспяховых краінаў сведчыць нам пра тое, што ў дзяржавы і бізнесу існуюць дакладна ўсталяваныя свае задачы. Задача дзяржавы – стварыць умовы для працы бізнесу, а ўжо задача бізнесу – развівацца і вырашаць у тым ліку эканамічныя задачы. Але ў Беларусі галоўным субʼектам эканомікі, як і раней, застаецца чыноўнік».

І калі пачаць кардынальныя змены малых вінцікаў – умоўных чыноўнікаў, то абрынуцца можа ўся сістэма, зазначае палітолаг. Тут і крыецца сутнасць канфлікту ўладаў з грамадствам, якое хоча кардынальных, а не касметычных зменаў. Што можна зразумець, проста пачытаўшы каментары на мясцовых парталах.

Пакуль жа чыноўнікам толькі і застаецца, што моўчкі пагаджацца з ідэямі Лукашэнкі ды насілу спрабаваць навесці «ідэальны парадак» да 7-га лістапада. У Воршу кіраўнік краіны паабяцаў вярнуцца налета.

Сцяпан Святлоў, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа President.gov.by