Чаму КДК узяўся за праграмістаў, якія выкладалі па-беларуску


Другі дзень запар дзейнасць Дэпартаменту фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржкантролю застаецца ў цэнтры ўвагі медыяў. І калі напярэдадні фінансавая міліцыя выставіла абвінавачанне ўладальніку інфармацыйнага агенцтва «БелаПАН», то цяпер вядзецца пра справу праграмістаў-выкладчыкаў.

Справа ДФР супраць арганізатараў IT-навучання цягнецца яшчэ ад вясны. Ейныя новыя акалічнасці падчас адмысловай прэс-канферэнцыі распавялі самыя фігуранты.

Павел Бука, арганізатар бясплатных лекцыяў аб праграмаванні ў Менску, дырэктар «Інстытуту матэматыкі і кібернетыкі» даказвае: паміж любоўю да мовы і праграмаваннем можна паставіць знак роўнасці. Ён пераконвае, што займаўся ў сталіцы не адукацыйнай, а асветніцкай дзейнасцю.

«На гэтым тыдні адбыліся ператрусы адразу ў двух сябраў Інстытуту, у мяне і ў калегі Дзмітрыя Канаплянікава», – кажа Павел Бука.

Выкладчык праграмавання Міхась Міцкевіч адзначае:

«Я выкладаў праграмаванне на адкрытых лекцыях. Я лічу, што гэта вельмі карысны досвед быў для развіцця беларускай лексікі ў галіне праграмавання, бо стандартам у нас ёсць расейская мова».

Павел Бука і Дзмітрый Канаплянікаў ладзілі ў сталіцы лекцыі для будучых праграмістаў і прапаноўвалі слухачам працягнуць адукацыю ў завочнай форме навучання ва ўкраінскім Роўне, ва ўніверсітэце імя Сцяпана Дзем’янчука.

Дарэчы, і ў Менску і ў Роўне на праграмістаў вучылі па-беларуску. Год навучання ва ўкраінскім універсітэце каштаваў $ 600, а за лекцыі ў Менску Буку і Канаплянікаву грошай не плацілі. Прынамсі так сцвярджаюць колішнія слухачы заняткаў. Як Аляксандр Бачкароў, які кажа:

«Калі б я пайшоў на платныя курсы, наўрад ці я дасягнуў бы тых вынікаў, як тут, на публічных бясплатных лекцыях».

Камітэт дзяржкантролю глядзіць на гэтую гісторыю прынцыпова іншымі вачыма. Справа аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці перададзеная ў Следчы камітэт. У справе праходзяць двое абвінавачаных і 34 пацярпелыя. Арганізатарам курсаў інкрымінуюць працу без ліцэнзіі на навучальную дзейнасць, а таксама нявыплату падаткаў.

«Апытваюцца студэнты і выкладчыкі, якія тут начытвалі курсы і прымалі іспыты. Выкладчыкі, дарэчы, гэта асобы, якія на сёння працуюць у беларускіх ВНУ. Што характэрна, выкладалася на беларускай мове», – заявіў намеснік начальніка ўпраўлення ДФР КДК па Менскай вобласці і Менску Аляксандр Чэразаў.

Колішнія партнёры беларусаў у Роўне, размаўляць пра былую супрацу з журналістамі «Белсату» катэгарычна адмовіліся. Паводле інфармацыі нашага тэлеканалу, ад стваральнікаў праекту «Інстытут матэматыкі і кібернетыкі» патрабуюць сплаціць падаткаў на суму 30 тыс. рублёў.

Аркадзь Несцярэнка, belsat.eu