Чаму Еўразвяз не адменіць візаў для беларусаў?


Жоўта-блакітны сцяг у кампаніі сцягоў краінаў-чальцоў Абʼяднанай Еўропы залунае не хутка. Але збліжэнне Украіны з Еўразвязам няўхільнае. Ужо ў чэрвені ўкраінцы хутчэй за ўсё будуць ездзіць у шэнген без візаў. Кропку ў справе паставіць Рада Еўразвязу.

Без візаў – не значыць без правілаў

На мяжы грамадзянам Украіны трэба будзе мець дакументы, якія пацвярджаюць мэту паездкі, а таксама зваротны квіток і дастатковую колькасць грошай.

«Беларусы заўсёды напэўна апошнія»

Еўрапейскі прагрэс Украіны, а таксама Грузіі, якая ўжо карыстаецца бязвізавым уездам, не застаецца незаўважаны беларусамі – як і тое, што шлях нашай краіны ў Еўропу зацягнуўся на нявызначаны час.

«Беларусы заўсёды напэўна апошнія»

«Напэўна там зверху лічаць, што беларусам не трэба ехаць за бугор, бо там неяк жыццё адрозніваецца ад нашага».

«Мы пастаянна плоцім больш за ўсіх, менавіта беларусы, мы за тое, каб адмянілі візы».

«Адмене віз для беларусаў замінаюць масавыя разгоны на мірных акцыях пратэстаў».

– выказваюцца жыхары Менску.

Беларусь не наблізілася нават да першага кроку супрацы

Спрашчэння візавага рэжыму няма і блізка, а значыць і змяншэння кошту з Eur 60 да 35-ці. Пры гэтым, штогод грамадзяне нашай краіны атрымліваюць каля 700 000 візаў у Еўразвяз. У паказніку на душу насельніцтва ў рэкордным 2014-ым годзе Беларусь была сусветным лідарам у атрыманні «шэнгенаў».

Адно з галоўных апасенняў уладаў Беларусі – гэта ўмова рэадмісіі, то бок абавязковага ўзаемнага вяртання нелегальных мігрантаў. І не толькі сваіх грамадзянаў, але і прадстаўнікоў трэціх краінаў. Але ёсць і выключна ўнутрыпалітычныя прычыны нястачы энтузіязму Лукашэнкі ў візавай супрацы з Еўропай.

«Ён баіцца распаўсюду еўрапейскіх ідэяў, ён баіцца распаўсюду свабоднага бізнесу. Любы дыктатар баіцца таго, што можа падмыць падмурак ягонай улады. А з захаваннем улады, большая небяспека ідзе з усходняга боку, таму можа рабіць пэўныя рэверансы ў бок Еўропы», – мяркуе медыякансультант Ляксей Лявончык.

Такім рэверансам, хоць і адначасова моцным сігналам для Масквы, можна лічыць і ўведзены ў лютым пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзянаў 80-ці краінаў свету. Але адкрыццё дзвярэй у іншы бок, ужо для самых беларусаў, залежыць ад вельмі многіх фактараў, у тым ліку ад гатовасці праводзіць эканамічныя і палітычныя змены.

Таццяна Рэут, «Белсат»