Чаму эканоміка вырасла, а беларусы гэтага не адчулі?


З кожным месяцам – усё лепш і лепш. Як заявіў сёння віцэ-прэмʼер Васіль Мацюшэўскі, эканамічны рост нашай краіны штомесяц паскараецца, і гэтая тэндэнцыя, паводле ўрадоўца, працягнецца.

Асноўным драйверам росту стала прамысловасць

Экспарт інвестыцыйных тавараў за студзень–красавік павялічыўся сёлета ў паўтара разу, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Гэта, паводле ўрадоўца, станоўча адбілася і на заробках, і на занятасці.

Адмыслоўцы заклапочаныя

Беларускі эканамічны рост, які па выніках першага паўгоддзя складае 0,9 %, у разы адстае ад сусветнага. А гэта значыць, што нашая краіна працягвае страчваць рынкі ды пашыраць тэхналагічнае адставанне ад канкурэнтаў. Што праўда, Мацюшэўскі абяцаў і пэўныя структурныя пераўтварэнні. У прыватнасці – зніжэнне кантрольнай нагрузкі на субʼекты гаспадарання і змену падыходаў да кіравання дзяржаўнаю маёмасцю.

Яскравы прыклад таго, як Беларусь, нягледзячы на рост ВУП, паскарае сваё адставанне ад канкурэнтаў, – продажы цяжкавікоў МАЗ у Расею. Хоць экспарт туды беларускай тэхнікі і павялічыўся, але ў разы менш, чым павялічыўся тамтэйшы попыт. У выніку Менскі аўтазавод скаціўся з чацвёртай пазіцыі на расейскім рынку, якую займаў пасля Камазу, ГАЗу і «Вольва» – ажно на дзявятае месца, саступіўшы такім канкурэнтам, як «Сканія», «Мерседэс Бэнц», «Ісудзу», «ДАФ» і «МАН».

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum