Бунт афіцыйнага прафсаюзу. За такія заробкі немагчыма жыць!


Паказнік сярэдняга заробку па краіне, часцяком жартам параўноўваюць з сярэдняй тэмпературай па больніцы. Але сітуацыю, калі вялікая частка з 860-ці тысячаў занятых у бюджэтнай сферы асобаў не атрымліваюць нават мінімальнага заробку, можна параўнаць у лепшым выпадку з аддзяленнем рэанімацыі.

На шчасце, ратунак не за гарамі

«Нас, натуральна, непакоіць тое, што ёсць людзі, якія атрымліваюць заробак, ніжэйшы за мінімальны, і гэтае пытанне трэба падцягнуць. Такі загад ужо дадзены прэм’ер-міністрам, і цяпер яго адпрацоўваюць міністэрствы і ведамствы», – заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка.

То бок, калі б Федэрацыя Прафсаюзаў Беларусі не звярнула ўвагі на праблему, то ўрад бы не заварушыўся. Дый федэрацыя прафсаюзаў Беларусі, як цалкам падкантрольная ўладам арганізацыя раней ніколі не паведамляла пра падобныя праблемы, нагадваюць прадстаўнікі незалежных прафсаюзаў.

«З чаго можна зрабіць выснову, што сітуацыя пэўна насамрэч сёння настолькі складаная, што людзі на працоўных месцах – перадусім у бюджэтнай сферы, пытанне гэтае ставяць рубам», – упэўнены Аляксандр Ярашук, старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

У сярэднім па краіне – заробкі бюджэтнікаў выглядаюць не так трагічна

І больш, як у два разы, у ў сталіцы – адразу ў тры – перавышаюць мінімальны заробак, які сёння складае Br 265.

Атрымліваецца такая прыемная для вачэй статыстыка вельмі проста – заробак у кіраўніцтва бюджэтных арганізацыяў можа быць нават у тры з паловаю разы большы, чымся ў іхных падначаленых – такая норма ўсталяваная верасеньскім указам Саўміна.

Хто апынуўся ў найгоршай сітуацыі?

«Што тычыцца бюджэтнай сферы – гэта працаўнікі культуры, што тычыцца рэальнага сектару, то найбольш складанае становішча і найніжэйшыя заробкі – у аграпрамысловым сектары і мы можам казаць толькі адно – у бліжэйшы час нічога істотнага тут мяняцца ня будзе», – даводзіць спадар Ярашук.

Чыноўнікі абяцаюць прыслухацца да прафсаюзнікаў

Дзяржава пастанавіла выправіць сітуацыю перадусім персаналу абслугі: санітараў, малодшых медсясцёр, грузчыкаў, прыбіральшчыкаў, павароў, ды іншых. Зноў ідзе гаворка пра змену тарыфнай сеткі, але эканамісты мяркуюць, што ўраду давядзецца сягнуць па іншыя захады

«Сёння сітуацыя пагоршылася да такой ступені, што ўнутранае пераразмеркаванне бюджэту – яно ўжо не дапамагае. Зараз мы бачым, што ёсць праблемы з заробкамі і ўжо ўнутры бюджэтнай сферы няма ніякіх крыніц, адкуль гэта можна было б паправіць», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

На гэтым фоне казаць пра загад Лукашэнкі дацягнуць сярэдні заробак Br 1000 наагул не даводзіцца.

Урад апынуўся на раздарожжы

Выканаць загад кіраўніка краіны, або захаваць прынамсі існы эканамічны лад. Які шлях абіраюць чыноўнікі пры такім выбары – добра ведае любы бюджэтнік.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат», фота: Іван Ярыванавіч / TUT.BY