БМЗ атручвае жыхароў Жлобінскага раёну


«Дапамажыце, задыхаемся!» – з такімі словамі да «Белсата» звярнуліся жыхары Жлобінскага раёну. Яны вымушаныя дыхаць паветрам, атручаным выкідамі з Беларускага металургічнага заводу. Мясцовыя ўлады на скаргі грамадзянаў не рэагуюць.

Яны жывуць, як у зоне бедства. Як прыходзіць ноч, то хаваюцца ў хатах і зачыняюць вокны. Бялізну на ноч сушыць не вывешваюць. І заўжды сочаць за прагнозам надвор‘я. Людміла Чуракова, жыхарка вёскі Саланое:

«Як вецер з заходняга боку, то дым – дыхаць немагчыма. Хоць ты вось так хадзі і закрывай нос».

Вось толькі тэхнагеннай аварыі ніхто не абвяшчаў. Проста вёска Саланое ў Жлобінскім раёне стаіць за паўтара кіламетры ад БМЗ. Металургічны завод даў людзям працоўныя месцы, а забраў здароўе. Жыхары вёскі Саланое распавядаюць:

«Была ў нас зона шкодная, а цяпер зрабілі, што нібыта нармальная».

«Як збудавалі завод, было цудоўна. А потым, праз пару гадоў, стала кепска. І апошнія гады зусім кепска».

«Выйдзем на лавачку сесці. І бачна, што шэрае такое сыплецца. І гэта невыносна».

Вокны і аўтамабілі ўжо не адмываюцца. Узімку бывае чорны, шэры ды ружовы снег. Але цяжэй за ўсё дзецям і людзям з хранічнымі хваробамі. Жыхары вёскі Саланое:

«Ва ўнучкі алергія з‘явілася, не ведаем ад чаго. Маленькая была – было ўсё добра. А як пераехалі, то з’явілася».

«У мяне дзіцёнак пайшоў тут у школу. Пасля Саланога ён прыходзіць, у яго лёгкія забруджаныя. Дыхаць не можа, закладвае ўсё, вочы слязяцца».

Вяскоўцы кажуць, што на Беларускім металургічным заводзе за апошнія гады сапсаваліся фільтры. Жыхары вёскі:

«Фільтры стаяць, але іх мяняць трэба. Па ідэі. А мяняць грошы трэба».

«Яны заўжды кажуць, што нам прасцей аплаціць штрафы па экалогіі, чым мяняць фільтры».

На старонцы БМЗ напісаныя агульныя словы пра шырокамаштабную мадэрнізацыю з улікам экалагічных патрабаванняў. Але над самім заводам такі дым, нібы ён гарыць. Кіраўніцтва БМЗ не спяшаецца тлумачыць, што адбываецца, і адмаўляе ў каментарах праз тэлефон. Аляксандр Алесік, прэс-сакратар Беларускага Металургічнага Заводу:

«Накіруйце мне на электронную пошту свой запыт, для якога выдання вы працуеце, я яго разгляджу і адкажу».

На БМЗ агулам нервова ставяцца да незалежных журналістаў, якія спрабуюць зняць рознакаляровы дым над заводам.

Мясцовыя жыхары скардзіліся ўладам – не дапамагло. Цяпер стварылі ў інтэрнэце петыцыю да Жлобінскага райвыканкаму з патрабаваннем правесці праверку БМЗ, ці не парушаецца закон пра ахову наваколля і патрабаванні экалагічнай бяспекі. Валер Сляпухін, грамадзянская ініцыятыва «Жыві як гаспадар»:

«БМЗ, Светлагорскі цэлюлозны, Акумулятарны завод, які ў Берасці цяпер будуюць – які завод ні вазьмі, паўсюль ёсць аднолькавыя праблемы і цяжкасці, і меркаванні людзей, якія жывуць побач, не ўлічваюцца».

Як кажа мясцовы актывіст Валер Сляпухін, прадпрыемствы, якія забруджваюць паветра, можна і трэба будаваць далёка ад гарадоў і вёсак.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu