Меўся быць тыдзень падрыхтоўкі да пратэставых выходных, але ва ўсіх абласных цэнтрах улады адмовілі актывістам у правядзенні Маршаў недармаедаў. Нягледзячы на гэта актывісты кажуць аб гатовасці пратэставаць. А на што гатовыя шараговыя беларусы, якія раней ніколі не ўдзельнічалі ў апазіцыйных акцыях? Ці надышоў час народнага бунту?
Дазволу на правядзенне маршаў недармаедаў улады не даюць.
«Таму што мы як рабы ў яго. Але нават рабы маюць сваё слова, іх заахвочваюць, а мы як быдла ў гэтага Лукашэнкі».
«Мы самыя звычайныя людзі. Нам трэба зусім няшмат для жыцця, а ў нас забіраюць усё».
– скардзяцца жыхары Магілёва.
Нягледзячы на шматлікія заяўкі перадусім ад актывістаў Абʼяднанай грамадзянскай партыі акцыі супраць дэкрэту аб дармаедстве не дазволеныя ні ў адным абласным цэнтры.
Прычыны адмовы ў гарвыканкамах найчасцей называліся дзве: актывісты не падалі дамоваў з камунальнікамі, праваахоўнікамі і медыкамі, якія, дарэчы, падпісваюць умовы толькі тады, калі ўжо ёсць дазвол ад уладаў. А таксама месцы для акцыяў, на думку ўладаў, актывісты выбіралі не тыя – на цэнтральных вуліцах.
«Мы падавалі заяўку па пешаходнай вуліцы, ніякага парадку мы б там не парушалі, гэта пешаходная вуліца. Але нам не дазволілі», – зазначыў апазіцыянер Уладзімір Шанцаў.
Дасведчаныя сталічныя палітыкі з Беларускага нацыянальнага кангрэсу пастанавілі ўвогуле не прасіць ува ўладаў згоду на дазволеныя Канстытуцыяй краіны сходы, а проста паінфармавалі гарвыканкам пра дзень і месца правядзення маршу ў сталіцы. Але чамусьці дасюль не паінфармавалі запрошаных на пятнічны Марш незадаволеных беларусаў пра сцэнар і канчатковую мэту акцыі.
«Заўтра старшыні камісіяў Беларускага нацыянальнага кангрэсу» прымуць рашэнне, калі мы дамо інфармацыю пра сам сцэнар маршу, але ў любым выпадку мы пра гэты сцэнар спытаемся ў тых людзей, якія прыйдуць на марш. Марш – будзем весці!», – тлумачыць Мікола Статкевіч, палітык і арганізатар акцыі 17 лютага.
На вуліцах Магілёва можна пачуць дыяметральныя меркаванні.
«Усе пойдзем!» – Чаму? Бо не згодныя, таму пойдзем!».
«Большасць баяцца выходзіць, але ўжо трэба. А можа, не столькі баяцца, колькі не вераць, што гэта нешта зменіць».
«У Менску акцыі пратэсту былі: там шмат сінякоў было, шмат крыві, і гэта нічога не дало. І зараз тое ж самае будзе».
– упэўненыя мясцовыя жыхары.
На колькасць удзельнікаў рэгіянальных пратэстаў, без сумневу, паўплывае тое, як пройдзе пратэст у сталіцы. Чый сцэнар будзе зрэалізаваны – уладаў ці апазіцыі, – пабачым ужо ў гэтую пятніцу.
Вольга Старасціна, «Белсат», фота: Vadim Zamirovski / TUT.BY