Аб'ектыў 26.02.2018 Берасцейцы аб акумулятарным пратэсце: Нас не хочуць чуць


Нягледзячы на пагрозы з боку пракуратуры Берасця, некалькі дзясяткаў чалавек усё ж выйшлі пратэставаць марозным нядзельным днём супраць пабудовы патэнцыйна небяспечнага акумулятарнага заводу.

Відэа з акцыі няма. Дзяржаўныя медыі тэмы не асвятляюць, а галоўных «народных рэпарцёраў» – Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава – яшчэ напярэдадні прэвентыўна затрымалі.

Сёння над актывістамі распачаўся суд за парушэнне арганізацыі масавага мерапрыемства – маўляў, актывісты незаконна заклікалі на несанкцыянаваную ўладамі акцыю.

«Задача схапіць, затрымаць, выкрасці людзей і трымаць іх без сувязі са знешнім светам, – гэта задача перарваць паток інфармацыі аб праблеме», – даводзіць праваабаронца Раман Кісляк.

Улады замест вырашэння праблемы ўключаюць рэпрэсіі

Прэвентыўныя затрыманні перад акцыямі адбываліся збольшага падчас леташніх пратэстаў супраць дэкрэту нумар тры. Асабліва актыўныя – да прыкладу, гомельскі відэаблогер Максім Філіповіч – праводзілі за кратамі агулам да 30-ці содняў.

«Нас не хочуць чуць, напэўна. Не хочуць разумець».

«Грошы, паўсюль замешаныя грошы».

«Мне падаецца, проста яны ўжываюць абаронныя меры, каб гэта не раздзьмулася ў нейкі вялікі пратэст».

«Але дарэмна. Гэтыя метады на нас ужо не дзейнічаюць, яны памыляюцца. Ім трэба прыдумаць штосьці новенькае».

– выказаліся апытаныя намі жыхары гораду.

Мірныя сходы плануюць ладзіць у Берасці і далей

Але пакуль Кабанаў і Пятрухін чакаюць свайго суднага дня на волі. Паседжанне адбудзецца 28-га лютага.

Напярэдадні анансаванай акцыі пратэсту 25-га лютага, стала вядома пра раптоўныя «святочныя мерапрыемствы» – «шоу» ад Міністэрства надзвычайных сітуацыяў. Што характэрна, у той жа самы марозны дзень, на той жа плошчы і а той сама гадзіне.

Аднак колькасць тых, хто прыйшоў на мерапрыемства непараўнальная з колькасцю тых, хто адзначыліся ў калектыўным звароце ў Адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем спыніць будаўніцтва акумулятарнага заводу «iPower» бізнесоўца Віктара Лемяшэўскага. Актывісты і неабыякавыя грамадзяне сабралі ўжо больш за 36 тысяч подпісаў «супраць».

Жыхары Берасцейшчыны маюць сумневы наконт бяспечнасці праекту і асцерагаюцца выкідаў у навакольнае асяроддзе. Улады ж – наадварот, не бачаць аніякай праблемы ды ігнаруюць патрабаванні ды заклікі берасцейцаў.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары