Берасце: міліцыя забараніла георгіеўскую стужку


Пакаралі кіроўцаў ды падзякавалі за актыўную грамадзянскую пазіцыю – берасцейскі журналіст Алесь Ляўчук паскардзіўся на георгіеўскую стужку ды расейскі сцяг на машынах камунальнікаў. Міліцыя, нечакана для самога Леўчука, не толькі не праігнаравала заявы, але і даслала ліст з пацверджаннем: кіроўцы прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці за выкарыстанне незарэгістраванай сімволікі.

«Гэтая стужка стала сімвалам вайны ва Украіне, калі я бачу расейскі сцяг на машыне, я адчуваю небяспеку, бо гэтак жа сама ўсё пачыналася ў Абхазіі, таму адзіная магчымасць гэтага пазбавіцца – гэта каб у цябе была актыўная грамадзянская пазіцыя», – тлумачыць пазіцыю спадар Ляўчук.

Георгіеўская стужка ўпершыню зʼявілася на ўзнагародах Расейскай імперыі яшчэ перад Першаю сусветнай, у Савецкім Саюзе яе выкарыстоўвалі як элемент узнагароды за перамогу над Нямеччынаю. Але яна ж стала сімвалам вайны на Данбасе – Вярхоўная рада Украіны сёлета прыняла закон, паводле якога за нашэнне стужкі або яе дэманстрацыю можна атрымаць штраф, а за паўторнае парушэнне нават сесці на 15 содняў.

Беларусы прыдумаюць сваю стужку?

Выкарыстанне георгіеўскай стужкі непажаданае таксама ў Літве і Грузіі. У Беларусі ж, на Дзень перамогі яе ўжо каторы год далікатна замяняюць на чырвона-зялёную, з кветкаю яблыні пасярэдзіне.

«Сёння яшчэ не позна казаць пра тое, што георгіеўская стужка для тэрыторыі Беларусі непрымальная сёння, мы жывем у незалежнай дзяржаве, і мы прапаноўваем новую сімволіку, напрыклад, якая сімвалізуе мужнасць і гераізм беларускага народу ўжо ў сучаснасці», – дзеліцца гісторык Ігар Кузняцоў.

На ягоную думку спадара Кузняцова, з прапановаю аб новай, беларускай стужцы мусіць звярнуцца самая грамадзянская супольнасць – калі не хоча, каб за гэтую справу бралася дзяржава або краіна-суседка.

Настасся Храловіч, «Белсат», фота: zn.ua