Аб'ектыў 04.10.2017 Белсатаўцы распавялі Польшчы, як змагацца з расейскаю прапагандай


Польшча шукае проціяддзе ад расейскае прапаганды. Менавіта з гэтаю мэтай у Варшаве для ўдзелу ў адмысловай канферэнцыі сабраліся адныя з найлепшых медыяэкспертаў з краінаў былога СССР.

Інфармацыйным партнёрам падзеі выступіў наш тэлеканал

Спікерамі падчас імпрэзы выступілі Вацлаў Радзівіновіч – шматгадовы карэспандэнт «Gazeta Wyborcza» у Маскве, беларускія медыязнаўцы Паўлюк Быкоўскі і Аляксандр Класкоўскі, іншыя грузінскія, украінскія і эстонскія адмыслоўцы.Канферэнцыя, зарганізаваная фондам «Вольнасць і дэмакратыя» пры спрыянні польскага МЗС, гэта рэакцыя на леташні рапарт пад назваю «Прапаганда Расеі ды» Ісламскай дзяржавы» ў Еўрапарламенце. Аўтарам выступіла былы міністр замежных справаў Польшчы, а цяпер еўрадэпутат Анна Фатыга.

Цяпер Польшча, якая часта трапляе ў прыцэл расейскай інфармацыйнай машыны, актыўна лабіруе ў Еўразвязе пытанне фармавання агульнай інфармацыйнай палітыкі аб’яднання.

Варшава падрыхтавалася да інфармацыйнай вайны

Варшава ўжо мае гатовыя інструменты супрацьдзеяння інфармацыйным укідам і шматгадовы досвед працы з такімі праектамі. Каля 10 гадоў з тэрыторыі краіны працуюць такія медыі, як радыё «Рацыя» і «Еўрарадыё». Самы ж буйны і тэхналагічна прасунуты праект – тэлеканал «Белсат». Ці можна выкарыстаць досвед гэтых медыяў у змаганні з прапагандаю беларускага рэжыму на агульнаеўрапейскім узроўні?

«Я перакананая, што досвед ўнікальны «Белсату». І мы можам быць добрым прыкладам для капіявання. Але і мы самыя ўжо гатовыя да выхаду на вышэйшы ўзровень. Увесь час, што мы працуем на Беларусі мы маем дачынення з расейскай інфармацыйнай прасторай, мы працуем унутры яе», – звярнула ўвагу Агнешка Рамашэўская-Гузы, дырэктар «Белсату».

Адной з галоўных высноваў удзельнікаў канферэнцыі было тое, што Еўразвяз, нягледзячы на леташні рапарт, так і не заняўся выпрацоўкай цэнтралізаваных механізмаў супраціву прапагандзе. У той час, як Расея не саромеецца надалей працаваць праз гэтак званыя фабрыкі троляў і выдаткоўваць сотні мільёнаў долараў на праекты кшталту «Russia Today» і «Sputnik».

Ігар Кулей, «Белсат», фота: fttc.com.ua

Глядзі таксама
Каментары