«Белсат» запускае ўнікальнае ток-шоу «Тэрыторыя праўды»


На «Белсаце» новая праграма – ток-шоу «Тэрыторыя праўды». Гэта ўнікальны праект для пост-савецкай прасторы: міжнародныя дэбаты з удзелам дзясяткаў экспертаў з Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расеі ды Украіны. Палітычныя прагнозы і эканамічныя дыягназы датычацца найперш палітыкі Масквы ў суседніх краінах. «Тэрыторыя праўды» будзе выходзіць раз на тыдзень на расейскай мове – ўсяго будзе 4 выпускі.

«Перадусім праграма разлічаная на нашага гледача на “Белсаце”, але мы спадзяемся зацікавіць расейскамоўных гледачоў з Украіны, Літвы, Латвіі ці з самой Расеі. Гледачоў, якія зацікаўленыя міжнароднымі падзеямі», – кажа дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы.

«Атрымалася сур’ёзная дыскусія сурʼёзных людзей на вельмі важныя тэмы, але без крыкаў, без абразаў, як гэта часта бывае на расейскім тэлебачанні», – кажа віцэ-дырэктар «Белсату» і аўтар праекту Аляксей Дзікавіцкі.

У якасці вядоўцаў «Белсат» запрасіў знакамітую беларускую журналістку Святлану Калінкіну, а таксама Яўгенія Кісялёва, які ўзначальваў НТВ да таго, як кантроль над тэлеканалам сілавым спосабам перахапілі расейскія ўлады. Цяпер Яўгеній Кісялёў працуе ва Украіне, а ў Расеі яму пагражае турма. На «Тэрыторыі праўды» 19 экспертаў з розных краінаў вызначаюць, як зменшыць уплыў Крамля. Першае выданне выйдзе ў эфір 21-га лютага. Яго тэма: эканамічныя рычагі, якімі Масква прымушае суседзяў да лаяльнасці, і як іх пазбавіцца.