У сельскіх крамах не было неабходных тавараў, а вінаватымі сталіся журналісты.
Актывіст незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Аляксей Паўлоўскі збірае подпісы сярод жыхароў Стараградскага сельсавету, што на Кармяншчыне, у абарону гомельскіх журналістаў-фрылансераў, сюжэт якіх на «Белсаце» змусіў чыноўнікаў заварушыцца і ліквідаваць дэфіцыт.
«Дзякуючы незалежным журналістам у вёсках і крамах Стараградскага сельсавету з’явіліся неабходныя харчовыя прадукты і тавары штодзённага попыту», – адзначае Аляксей Паўлоўскі.
Пры гэтым асартымент тавараў палепшыўся не толькі ў крамах Стараградскага сельсавету, але і ўва ўсім Кармянскім раёне.
«У нас тры разы на тыдзень завоз. Тавар прыбавіўся. Сёння атрымалі марозіва, атрымаем «раздзелку», гародніну. Гэта ўсё будзе сёння», – кажа прадавачка з вёскі Хізаў Ларыса Пімашэнка.
Між тым разам з доўгачаканымі таварамі зʼявіліся і праблемы ў журналістаў, якіх улады звыкла абвінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ.
Аляксей Паўлоўскі, які з’яўляецца жыхаром Стараградскага сельсавету, распавядае пра сваю ініцыятыву:
«За свабоду слова я пачаў збіраць подпісы ў сувязі з тым, што прыбыў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што на гэтых журналістаў 77 пратаколаў ужо было і рыхтуецца яшчэ на 10 мільёнаў штраф».
Гаворка ідзе пра фрылансераў Андрэя Толчына і Кастуся Жукоўскага. Апошні раней супрацоўнічаў з «Белсатам» і сярод нашых калег быў адным з найбольш рэпрэсаваных уладамі за сваю прафесійную дзейнасць.
Вясковыя жыхары падтрымалі ініцыятыву спадара Аляксея і выступілі ў абарону журналістаў.
Агулам пад зваротам у суд Кармянскага раёну, у якім і мае разглядацца гэта справа, падпісаліся каля трох дзясяткаў вяскоўцаў.
Зміцер Лупач, «Белсат»