Дохнуць каровы і цяляты, бо іх не кормяць і не пояць. Гэткая жахлівая сітуацыя ў гаспадарцы «Мормаль», што на Жлобіншчыне. Чаму быдлу няма чаго есці? Куды знікае корм? І чаму мы звяртаем увагу на гэтую праблему, а кіраўніцтва гаспадаркі – не?
Каровы круцяцца каля пустога карыта, а побач валяецца дохлая жывёліна. Блогер NEXTA размясціў у сваім тэлеграм-канале шакавальныя здымкі з гаспадаркі «Мормаль», што ў вёсцы Дабрагошча ў Жлобінскім раёне.
З паведамлення падпісанта тэлеграм-каналу NEXTA:
«Штодня п’яныя працаўнікі ААТ не кормяць кароваў, нават трупаў не прыбіраюць. А вада таму, што паілку на некалькі дзён забыліся выключыць. Кармы з фермы яны проста крадуць і прадаюць, за гэтыя грошы і пʼюць. А каровы масава мруць ад голаду». Неаднаразова прыязджала міліцыя з тым самым «кантролем сельгаспрадпрыемстваў». І парушэнняў «не знайшла».
Нашыя журналісты адправіліся на месца. Працаўнікі фермы пагадзіліся з намі паразмаўляць, але толькі на ўмовах ананімнасці – кажуць, баяцца звальненняў:
«Цяляты дохнуць, валяюцца ў брудзе. Хаваюць іх у цялятніку. А дохнуць, бо няма чым карміць. Нават кароваў няма чым карміць, дохнуць, валяюцца, бывае. Прыязджаеш на працу, а карова ляжыць дохлая».
Рабочыя цвердзяць, што на прадпрыемстве не стае зерня і сена. Ува ўсім вінавацяць кіраўніцтва:
«Поўны бардак. Дохне быдла. Кіраўніцтва такое паганае. Заробку нармальнага не плоціць. Абяцае адное, а робіць іншае».
«Ляжыць карова. Сёмы дзень. Ногі на карачках. Парвала звязкі. Ляжыць, нікому нават не трэба».
Аграном з прадпрыемства, якому нам удалося датэлефанавацца, прызнаў факты паморку быдла, але не масавыя:
– Масава – не было.
– А колькі прыблізна ў апошнія дні?
– Не ведаю. Адзін ці два.
Расследаваць справу пасля публікацыі блогера NEXTA узялася міліцыя. Афіцыйны прадстаўнік УУС Гомельскага аблвыканкаму ў каментары БелаПАН сцвердзіў, што 2 ліпеня на прадпрыемстве здохлі два цяляці і тое, цытата, «натуральная тэхналагічная страта».
На нашыя званкі прадстаўнік міліцыі не адказаў. А шкада. Бо, калі мы паслухалі работнікаў, зʼявілася шмат іншых пытанняў. Не толькі пра падзеж жывёлы.
Працаўнікі ААТ «Мормаль»:
«У нас праблема цяпер з малаком. Малака няма… У сэнсе, шчыльнасці ў малака няма. Сам кіраўнік прымушае наліваць ваду, каб малака больш было. Прыкіньце!»
«Няма малака. Паводле дакументаў пакрываюць, нібыта ўсё нармальна, а насамрэч тут нічога няма. – Доктара няма».
Паводле даведніку «Картатэка.бай», прадпрыемства «Мормаль» – неплацежаздольнае і падпадае пад фінансавае аздараўленне ў перыяд да 2027 года.
Вітаўт Сіўчык, belsat.eu
Фота: тэлеграм-канал NEXTA