Аб'ектыў 18.04.2017 «На рынку ўгнаенняў штарміць даўно». Што адбываецца на Белкаліі?


На прадпрыемстве скарачаюць заробкі, а працаўнікі ладзяць стыхійныя пратэсты.

Эканамічны заняпад б’е і па наймацнейшых галінах гаспадаркі. Згодна з адмысловай справаздачай, галоўныя падпоры айчыннай эканомікі не пераадолелі крызісу: сярод іншага, у разы абваліліся прыбыткі «Беларуськалія». На прадпрыемстве скарачаюць заробкі, а працаўнікі ладзяць стыхійныя пратэсты.

Адная з галоўных крыніцаў валютнае выручкі для Беларусі – пастаўнік калійных угнаенняў больш як у 90 краінаў свету – апошнім часам мае ўсё больш праблемаў. У некаторых працаўнікоў за апошнія месяцы заробкі скараціліся больш як удвая.

Чыстыя прыбыткі «Беларуськалію» абваліліся летась ажно ў пяць разоў.

«На калійным рынку штарміць ужо даўно, – кажа Леанід Фрыдкін, галоўны рэдактар «Экономической газеты». – Ён пасля падзеяў, часткаю якіх быў развод »Беларуськалія« з расейскімі партнёрамі дасюль перабывае ў вельмі хісткім стане. Апошнія два гады тыя краіны, што найбольш купляюць калійныя ўгнаенні маюць магчымасць увесь час збіваць цэны».

Акрамя адносна невысокіх коштаў на калійныя ўгнаенні, якія прапаноўвае сусветны рынак, эксперты звяртаюць увагу на імаверныя змены ў запатрабаванні на беларускую прадукцыю. Да таго ж не выключаюць, што адзін з галоўных кліентаў «Беларуськалію», Кітай, можа павялічыць уласную вытворчасць калійных угнаенняў. Летась кітайскія медыі паведамілі адкрыццё буйнога радовішча ў адной з правінцыяў.

«Канкурэнцыя на рынку калійных угнаенняў можа ў кожную хвіліну ізноў прывесці да перавытворчасці. Калі нават попыт аднавіцца, то прапанова можа яго перавысіць, – лічыць Фрыдкін. – Мела бы сэнс, каб калійшчыкі стварылі нешта на кшталт калійнага OPEK, аднак такое не адбываецца».

А нядаўна калійны рынак атрымаў новага гульца – Туркменістан. З удзелам беларускіх адмыслоўцаў пабудаваны і пачаў працу Гарлыкскі камбінат. Урачыстая цырымонія адбылася падчас апошняга візіту ў Туркменістан Аляксандра Лукашэнкі.

Ці такім чынам Беларусь стварае сабе будучых канкурэнтаў? Пакуль вядома адно: «Беларуськалій» могуць чакаць не самыя паспяховыя гады. На прадпрыемстве растуць пратэставыя настроі. Зрэшты, не толькі ў самым «Беларуськаліі», але і ў залежных ад яго арганізацыях. Адная з іх – трэст «Рэммантажбуд». Некалькі дзён таму працаўнікі адмовіліся выконваць сваю працу з прычыны ўсё больш нізкіх заробкаў. Людзям пагражалі звальненнямі. Пасля паабяцалі паступова развязаць іхныя праблемы.

«У нас цяпер актыўна ідзе развіццё Петрыкаўскага камбінату. Хутчэй за ўсё гэтых людзей будуць больш прыцягваць туды, каб былі большыя абʼёмы працаў і адпаведна большыя заробкі», – лічыць Сяргей Чаркасаў з Незалежнага прафсаюзу гарнякоў.

Але адначасова з абяцаннямі на «Белкаліі» пачаўся ціск на найбольш актыўных. А Незалежны прафсаюз гарнякоў абвінавацілі ў арганізацыі стыхійнай акцыі пратэсту.

Ян Бабіцкі

Глядзі таксама
Каментары