Беларусы сталі таннай працоўнай сілай для Кітаю




На мінулым тыдні Лукашэнка прымаў прадстаўнікоў кітайскіх медыяў. Сустрэча папярэднічала саміту «Адзін пояс і адзін шлях», які пачне працу 14-га траўня ў Пекіне. Пра тое, што Беларусь будзе абавязкова браць удзел у форуме, паведаміў кіраўнік краіны.

Гульня вартая высілкаў?

«Па сутнасці сама ініцыятыва «Адзін пояс і адзін шлях» зʼяўляецца гістарычнай, і перакройвае эканамічную мапу свету», – даводзіў Лукашэнка.

Словы кіраўніка краіны выклікалі скептычныя каментары.

«Гэта Кітай пракладае, і гэта не адзін варыянт. Беларусь тут можа складам, перавалачнай базай. Кітайцам зручна, а што атрымае Беларусь? Сумнеўныя выгады», – мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Кітайцам не падабаецца беларуская бюракратыя

Святло на гэтую праблему цяпер можа праліць выказванне былога памочніка Лукашэнкі, амбасадара Беларусі ў Кітаі Кірыла Рудага. Вядома, для беларускага боку балючым пытаннем застаюцца мізэрныя кітайскія інвестыцыі. Як высвятляецца, прычына такога становішча, між іншага, недастаткова развіты фінансавы рынак і беларуская бюракратыя.

«У нас іншы падыход. Мы любім сабраць працоўную групу, абмеркаваць, паглядзець на якіх умовах. Часам працэдурныя пытанні зацягваюцца. А Кітайскі інвестар ён часта нецярплівы, гэта азартны гулец на інвестыцыйным рынку», – тлумачыць Кірыл Руды.

Беларусі сёння няма чым прывабіць кітайцаў

«Кітай вельмі ахвотна інвестуе ў краіны, дзе ёсць карысныя выкапні». Я думаю, што калі б Беларусь прадала Кітаю калійныя вытворчасці, туды б ахвотна інвеставалі грошы, а інвеставаць, да прыкладу, у машынабудаванне гэта для іх нецікава», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Афіцыйны Менск спадзяецца, што сітуацыя выправіцца ўжо ў хуткім часе. Вялікія надзеі ўскладаюцца на будучыню індустрыяльнага парку «Вялікі камень», што ствараецца ў ваколіцах Менску. Лукашэнка разлічвае на прыблізна $ 50 млрд. прыбыткаў ад супольнага праекту.

Прыцягнуць кітайскіх інвестараў могуць невялікія заробкі беларусаў

У некаторых правінцыях Кітаю зарплата сягае $ 1000, але беларусы пра такія грошы могуць толькі марыць.

«Цяпер кітайскія кампаніі пачынаюць выносіць вытворчасць у краіны, дзе меншыя заробкі. У звязку з гэтым мы становімся ўсё больш прывабныя з невысокімі, памяркоўнымі заробкамі», – даводзіць спадар Руды.

Падставы да аптымізму сумнеўныя.

«У тыя краіны, дзе ніжэйшыя заробкі, туды пераносяць вытворчасць, якая зʼяўляецца ўжо ўчорашнім днём. А новыя вытворчасці, новыя тэхналогіі яны развіваюцца ў тых краінах, дзе ёсць высокакваліфікаваная працоўная сіла, нават патрэбныя высокія заробкі», – дзеліцца спадар Марголін.

Наколькі разбагацеюць беларусы дзякуючы кітайскім інвестыцыям?

Пакуль невысокія заробкі, якія нібыта маюць прыцягнуць інвестараў, – гэта галоўны клопат беларусаў. Не адзін год Лукашэнка абяцае павялічыць выплаты да $ 500. Аднак у гэта сёння мала хто верыць.

Разбагацець з дапамогаю кітайцаў беларусам бліжэйшым часам наўрад ці ўдасца. Зрэшты, і Кітай сутыкаецца з усё новымі праблемамі. Валавы ўнутраны прадукт краіны летась быў найніжэйшы за апошнія 25 гадоў.

Ян Бабіцкі, «Белсат»