Беларусы пра царкву: «Трэба трымацца Расеі, мы браты, з імі лепш»


Украінская праваслаўная царква рыхтуецца да атрымання афіцыйнае самастойнасці. Сёння ў гэтай краіне адначасова дзеюць дзве буйныя праваслаўныя плыні. З цэнтрам у Кіеве і з цэнтрам у Маскве. Пакуль што толькі Маскоўская – кананічная, то бок прызнаная іншымі цэрквамі. Але мітрапаліт Гальскі Эмануіл паведамляе: рашэнне аб прызнанні Кіеўскага патрыярхату ўжо прынятае, – што дае цень надзеі і Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царкве.

Каментуе Айцец Леанід Акаловіч, протаіерэй Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы:

«Трэба павіншаваць украінскі народ і ўкраінскую царкву, што нарэшце пытанне з аўтакефаліяй для іх зрушылася. Мы вітаем украінскі народ, яны за свае пакуты гэта заслужылі».

Жаданне Украіны мець аўтакефальную, то бок самастойную ад Масквы, ды яшчэ і прызнаную ў свеце асобную праваслаўную царкву нарадзіла канфлікт РПЦ з першаю сярод роўных Канстанцінопальскаю царквой. У гэтым канфлікце беларуская праваслаўная царква заняла бок Масквы. Гэта і зразумела, БПЦ – экзархат Маскоўскага патрыярхату, а, значыць, ёй не выпадае мець асобнага ад Расейскай праваслаўнай царквы меркавання.

«Пытанне аб тым як будзе сябе паводзіць праваслаўная царква ў гэтым пытанні ў гэтых абставінах нагадвае пытанне як будзе сябе паводзіць Гарадзенскі аблвыканкам, калі дзяржава, у цэлым, мае нейкае стаўленне да міжнароднае праблемы. Зразумела тыя санкцыі, у двукоссі, якія будуць прынятыя Маскоўскім патрыярхатам, будуць цалкам падзеленыя і намі» – Сяргей Лепін, прэс-сакратар БПЦ.

Сінод Расейскае праваслаўнае царквы абвесціў, што калі Канстанцінопальскі патрыярхат дасць украінскай царкве незалежнасць, то Масква разарве з імі ўсе дачыненні. Самаізаляцыя РПЦ аўтаматычна прывядзе і да ізаляцыі нашага праваслаўя. На тэму выказаліся жыхары Менску:

«Трэба трымацца Расеі, мы браты, з імі лепш».

«Беларускай царкве лепш быць самастойнаю і самой вырашаць свой лёс».

«Навошта патрэбная самастойнасць? Ёсць Расея, лепш быць разам».

«Аўтакефалія – гэта занадта радыкальна, але хочацца больш незалежнасці для нашае царквы».

Пытанне аб незалежнасці Украінскай праваслаўнай царквы – галоўная пагроза для адзінства сусветнага праваслаўя, лічаць у Сінодзе Расейскай праваслаўнай царквы. Але адзінства – справа духоўная. А існуе яшчэ і пытанне матэрыяльнае. Сёння УПЦ Маскоўскага патрыярхату належаць 11 000 украінскіх прыходаў, траціна ад усіх цэркваў Расейскай праваслаўнай царквы ўва ўсім свеце. Гэта ўтрая больш, чымся ў Кіеўскага патрыярхату. А вось з вернікамі сітуацыя адваротная. З кіеўскім патрыярхатам сябе ідэнтыфікуе ўдвая больш украінскіх праваслаўных. У выніку афіцыйнага прызнання Кіеўскага патрыярхату прыналежнасць прыходаў можа быць перагледжаная. Украінскія законы кажуць, што лёс той ці іншай царквы вызначаецца галасаваннем прыхаджанаў. А, значыць, неўзабаве Масква можа страціць кантроль над часткаю сваіх цэркваў. Жыхары Кіева дзеляцца:

«Нам маскоўская царква не патрэбная, нам патрэбная мясцовая, украінская. Каб грошы, якія ахвяруюць вернікі, не ішлі з Украіны ў Расею, а пазней на гэтыя грошы вялася вайна супраць нас».

«Я за тое, каб ва Украіне было шмат цэркваў. Бо тут жывуць не толькі ўкраінцы, але і расейскамоўныя. Я самая напалову расейка. І калі тут будзе расейская царква, але пры ўмове, што кіраўніцтва будзе ўкраінскае, то праблемы я не бачу».

«Украінцам-вернікам гэта патрэбна, бо з’явіцца магчымасць быць адною нацыяй у межах адной рэлігіі. Людзям, якія не вераць, не зразумела, патрэбна гэта ці не, такая мая думка як атэіста».

Украінскія працэсы будуць негатыўна адбівацца на іміджы Маскоўскага патрыярхату. Але ёсць гіпатэтычны спосаб зменшыць негатыўныя наступствы для Беларусі, вынікае са словаў тэолага Наталлі Васілевіч у праграме «Размова Дня» на «Белсаце»:

«Нашая царква на тым узроўні развіцця, што магла б тут самастойна вырашаць шмат якія пытанні, без патрэбы подпісаў з боку маскоўскага Сіноду. У нас у самых вялікі Сінод, вялікая колькасць вернікаў і свае навучальныя ўстановы».

Але ці здольная сёння беларуская праваслаўная царква абараніць сваю паству ад канфлікту паміж Масквою і Канстанцінопалем, пытанне рытарычнае.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: Pyotr Sivkov / TASS / FORUM