Аб'ектыў 12.10.2017 Беларускія выдавецтвы пабаяліся друкаваць кнігу аб праблемах беларускамоўных


Беларускія чыноўнікі рэдка могуць пахваліцца добрым веданнем беларускае мовы. І калі англійскай ад іх ніхто не вымагае, то веданне роднай – гэта закон. Настаўнік матэматыкі з Магілёва Міхась Булавацкі амаль 30 гадоў збірае сваё ліставанне з чыноўнікамі, у якім зацята абараняе статус беларускае мовы.

«Людзі ж пісалі глупствы нейкія, бывала… Бывалі і разумныя рэчы, але часцей глупствы. І думалі, што напісалі, і гэта знікне. А як казаў Воланд, рукапісы не гараць. Я гэта дастаў, і вось прад’яўляю», – кажа Міхась Булавацкі.

Лісты атрымалі форму кнігі з назваю «Беларус у Беларусі»

Гэта партрэт цэлай эпохі. Але чыноўнікі ды іншыя службоўцы не граюць у ёй станоўчае ролі.

«Даюць мне бланк не расейскай мове. Я кажу: дайце мне на беларускай мове. «У нас няма, у нас два государственных языка». Я кажу: дык а чаму вы карыстаецеся толькі адным з іх?», – абураецца Міхась.

У змаганні з ветракамі Міхась Булавацкі не адзіны

Сябра партыі БСДП «Грамада» каторы год дамагаецца змены расейскамоўных надпісаў у Магілёве.

«Я вельмі доўга змагаўся, каб на ўездзе ў Магілёў быў знак на беларускай мове «Магілёў», але нягледзячы на ўсе мае высілкі, да гэтага моманту так і напісана на расейскай мове «Могилев», – распавядае актывіст Ігар Барысаў.

Яшчэ адзін прыклад дае Валадар Цурпанаў

Магілёўскі актывіст скіраваў ажно 13 скаргаў на свайго былога працадаўцу за адказы па-расейску. Справа дайшла да суда, які… таксама адказаў Цурпанаву на расейскай мове.

«Я вымушаны быў дайсці да Вярхоўнага суда, каб прымусіць прабачыцца абласны суд і раённы суд за тое, што мне адказы даслалі на расейскай мове», – узгадвае спадар Цурпанаў.

Штогод да магілёўскіх праваабаронцаў звяртаюцца шмат хто з грамадзянаў, права якіх на беларускую мову парушаецца дзяржаваю.

«У дадзеным выпадку парушаецца закон аб мовах, артыкул 5-ты, у якім гаворыцца, што чыноўнікі абавязаныя даваць адказы на мове звароту. І артыкул 4-ты, у якім указана, што чыноўнік мусіць валодаць мовай, у абʼёме дастатковым, каб працаваць на ёй», – даводзіць праваабаронца Барыс Бухель.

Закон ёсць, але няма санкцыяў за парушэнне

Але такім умоўным пакараннем можа зрабіцца кніга Міхася Булавацкага, якая захавае для гісторыі прозвішчы антыгерояў.

Спіс бясконцы. Як і змаганне. Праблемы спадар Міхась меў і з выданнем кнігі. На пачатку за яе ўзялося беларускае выдавецтва, але пабаялася праблемаў і перадало ў Смаленск. У выніку кніга выйшла ў Львове накладам 200 асобнікаў.

Вольга Жарнасек, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары