Беларускія ІП змагаюцца з дэкрэтам № 222 ужо другі год


«Народны праект» грамадскае абʼяднанне «Перспектыва» прапанавала яшчэ летась у снежні, але паседжанне працоўнай групы Міністэрства эканомікі адбылося толькі сёння. Чыноўнікі дробных бізнесоўцаў не падтрымалі. На думку Анатоля Шумчанкі, лідара руху прадпрымальнікаў, наяўнасць самой працоўнай групы, якая складалася з іпэшнікаў і рэпрэзентоўвала іхныя інтарэсы ў міністэрстве, згубіла сэнс.

Дэкрэт №222 набыў моц на пачатку мінулага года і выклікаў моцнае абурэнне ў прадпрымальнікаў – далёка не ўсе замежныя пастаўляльнікі маюць патрэбныя дакументы, а купленыя на беларускіх складах тавары з сертыфікатам – значна даражэйшыя. «Народны праект» жа прапаноўваў адмяніць абавязковую сертыфікацыю імпартаваных тавараў, а ўзамен увесці фіксаваны збор. Паводле Міністэрства эканомікі, летась колькасць прыватных прадпрымальнікаў у Беларусі зменшылася амаль на пяць з паловаю тысячаў і, на думку іпэшнікаў, гэты лік будзе толькі расці.

Неўзабаве грамадскае абʼяднанне «Перспектыва» плануе чарговы раз зладзіць форум прадпрымальнікаў

А таксама стварыць ініцыятыўную групу, якая будзе збіраць подпісы дзеля падтрымання «Народнага праекту». Сабраныя подпісы Анатоль Шумчанка плануе аднесці ў Палату прадстаўнікоў.

Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum