Беларускія эмігранты кормяць тых, хто застаўся на Радзіме


Золатавалютны запас нашай краіны – $ 7,395 млрд. Гэтая сума прыкладна на паўмільярды большая за тую, што беларусы за першыя дзесяць месяцаў году пакінулі ў абменніках – $ 6,92 млрд. Выглядае на тое, што беларусы актыўна праядаюць свае валютныя запасы і праядаць могуць яшчэ доўга.

«Насельніцтва працягвае праядаць свае валютныя дэпазіты – яны доўгі час зніжаюцца, але ў той жа час заначка насельніцтва папаўняецца між іншага за кошт тых, хто працуе за межамі Беларусі і перасылае сюды грошы», – кажа эканаміст Вадзім Іосуб.

Прынамсі частка прададзенай валюты – гэта грошы з валютных дэпазітаў – летась яны зменшыліся амаль на $ 800 млн. Прычыны ж гэтай тэндэнцыі адмыслоўцы бачаць у тым, што курс долара расце не гэтак гвалтоўна, як папярэднімі гадамі – таму масава купля валюты не набывае крызіснага сэнсу. Разам з гэтым відавочна, што хоць заробкі ў рублёвым эквіваленце растуць, на рэальнае жыццё іх не заўсёды хапае.

Стабільнасць на валютным рынку

Такая сітуацыя захоўваецца ўжо ледзь не два гады. Сёлета беларусы прадалі прыкладна на $ 1,7 млрд больш валюты, чымся купілі. І штомесяц розніца паміж купляй і продажам не перавышала $ 200 млн. Чыстыя продажы знізіліся з $ 200 млн да $ 180 млн.

«Нягледзячы на размовы, маўляў, усім па 500, або ўсім па тысячы рублёў, сёлета сярэднія заробкі насельніцтва растуць у сціслай прывязцы да вытворчасці працы, лішніх грошай на руках насельніцтва няма. З аднаго боку гэта магчыма нагода засмуціцца, з іншага – гэта прыкмета стабільнасці валютнага рынку», – дадае спадар Іосуб.

Стабільнасць у гэтым выпадку – не прыкмета добрага жыцця. Тое, што заробку на жыццё не стае – гэта факт, але выглядае на тое, што як і са шмат якой іншай стабільнасцю – з ёй беларусы гатовыя мірыцца.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»,