Беларускі добраахвотнік, якому не абыякавы лёс Украіны


Міхаіл Жызнеўскі стаў адной з першых ахвяраў узброенай спробы здушыць у Кіеве Майдан у снежні 2014-га. Алесь Чаркашын атрымаў смяротнае раненне на Данбасе ў жніўні 2015-га. Чаму беларусы змагаюцца за незалежнасць Украіны, «Белсату» распавёў Аляксандр Малчанаў – беларускі добраахвотнік, які цудам застаўся жывы пасля сур’ёзнага ранення ў баі на Данбасе.

З Аляксандрам Малчанавым сустракаемся ў Адэсе. Ён лечыцца ў вайскова-медычным цэнтры. Месяц таму беларус, які ваяваў на баку ўкраінскай арміі, атрымаў раненне ў баі пад Светладарскам.

«Бой – гэта такая справа, дзе немагчыма ўсё прадугледзець. Каб назіраць за вынікамі нашага агню, я ўзняўся на ўзвышша, якое абстрэльвалася вельмі актыўна. Вось са стралковай зброі мяне і зачапіла».

Металічны прадмет прайшоў праз правае вока і захрас каля носу. Малчанаў перанёс чатыры аперацыі. Дактары ўратавалі вока, аднак бачыць ім ён ужо н(я) будзе.

«У мяне ёсць жаданне вярнуцца на фронт. Камандзіры кажуць, што такое магчыма. Пэўныя абмежаванні, вядома, будуць, але на фронце знойдзецца праца, з якой я дам рады».

Аляксандр Малчанаў служыў у складзе 72-й механізаванай брыгады Украінскіх узброеных сілаў, узнагароджаны медалём «За адвагу». Ва Украіну ён прыехаў з Беларусі ў 2014-м годзе пасля анексіі Крыму і пачатку ўзброеннага канфлікту на Данбасе.

«Мне ніколі не быў абыякавы лёс Украіны. Я тут бываў яшчэ задоўга да ўсіх гэтых падзеяў: любіў адпачываць, але ёсць тут і родзічы. То бок краіна ніколі не была чужой, а дзеянні Расеі да глыбіні душы абурылі».

Малчанаў – былы палітвязень. У 2011-м годзе яго асудзілі на 3 гады калоніі за ўдзел у Плошчы-2010, але праз некалькі месяцаў хлапец выйшаў на волю па ўказе Лукашэнкі. Прашэння аб памілаванні Малчанаў не пісаў.

«Заўсёды быў супраць дзейнай палітыкі цяперашняй улады Беларусі. Удзельнічаў і ў мітынгах, і ў акцыях пратэсту, за што прыцягваўся ў тым ліку і да крымінальнай адказнасці».

А вясной 2012 года маладога чалавека асудзілі на паўтара года калоніі нібыта за крадзеж. Аляксандр доўга не мог уладкавацца на працу, бо яго нікуды не бралі пасля прысуду ў палітычнай справе. Зарабляў на жыццё тым, што з бацькам-пенсіянерам збіраў металалом на неахоўнай тэрыторыі заводу ў Жодзіне. Менавіта гэтыя дзеянні праваахоўнікі і суд палічылі за крадзеж.

Нягледзячы на раненне, вяртацца на радзіму беларус не спяшаецца. Тут яго чакае чарговая крымінальная справа – гэтым разам паводле артыкулу за найміцтва.

Міхась Ільін, belsat.eu