Аб'ектыў 23.01.2017 Беларускі аўтапрам: зажылі без «Джылі», чакайце электрамабілі


Аўтамабілі Джылі ў Беларусі болей не вырабляюцца. Пра гэта нашаму тэлеканалу паведамілі ў кіраўніцтве беларуска-кітайскага прадпрыемства. Пляцоўка Белджы ў Барысаве, на якой названыя аўто вырабляліся з 2013 году – канчаткова зачыненая. Новая – усё яшчэ не пабудаваная. Затое айчынныя дылеры прэзентуюць беларускі Кадылак, а ўрадоўцы абяцаюць айчынны электрамабіль. Што ж насамрэч адбываецца з праектам беларускай вытворчасці легкавых аўто?

Прагрэс відавочны, але выніку дагэтуль няма

Завод «Белджы» пад Барысавам, які меў запрацаваць ад Новага года, усё яшчэ дабудоўваецца.

Кіраўніцтва заводу, цяпер плануе запуск на ліпень. Вырабляць будуць невядомыя пакуль беларускаму рынку мадэлі. У стадыі абмеркавання – магчымасць збірання «Вольва» для еўрапейскага рынку.

«Тое, што Джылі пастаянна прагрэсуе, гэта – факт. Але ніхто ня кажа, што канкурэнцыі становіцца менш. Але ніхто ня кажа, што ад гэтага канкурэнцыя зменшыцца», – тлумачыць Сяргей Міхневіч, старшыня Беларускай асацыяцыі аўтамабілістаў.

Чаму вытворчасць «Джылі» ў Беларусі спынілася?

З новага года для нашай краіны пачалі дзеяць правілы Еўразійскага саюзу аб мінімальнай лакалізацыі аўтамабільнай вытворчасці. Цяпер, каб машына лічылася беларускай, прынамсі траціна працэсаў мусіць выконвацца на месцы, інакш транспартавы сродак будзе абкладацца імпартовымі мытамі. Таму з новага года старую «адкрутачную» вытворчасць «Джылі», што дзеяла ў Барысаве з 2013 года, закрылі – ужо назаўсёды. Новы завод пад Барысавам, у які, пад гарантыю беларускай дзяржавы, было ўкладзена каля $ 250 млн,, мае быць дастаткова лакалізаваны.

Адмыслоўцы асцерагаюцца адносна акупляльнасці новага заводу

«Тое, што ў краіне ствараюцца лакальныя вытворчасці, я лічу, што гэта – правільны шлях, інакш у краіны ня будзе будучыні. Іншае пытанне – наколькі эканоміка гэтай вытворчасці пралічаная. Ці пралічаныя рынкі», – зазначыў Сяргей Міхневіч.

Затое маем беларускія Кадылакі

Пакуль праект народнага аўтамабіля прабуксоўвае, дылеры прэзентуюць дасягненні айчыннай зборкі ў класе люкс. Сёння адзін са сталічных аўтасалонаў правёў паказальны тэст-драіў «Кадылака ЭксТі5»,

«Мы стартавалі ў лістападзе і рэалізавалі 8 машынаў. На расейскім рынку кадылакаў беларускай вытворчасці было прададзена парадка 1200 аўтамабіляў», – падлічыў Сяргей Жлоба з аўтацэнтру «Multimotors».

Пра тое, што эксклюзіўная мадэль збіраецца ў Беларусі, расейскі офіс «Кадылаку» паведаміў толькі некалькі месяцаў таму. Дагэтуль беларускае прадпрыемства «Юнісон» збірала яе больш за год, старанна пазбягаючы лішняй рэкламы. Пабываўшы на вытворчасці, наш карэспандэнт зразумеў, чаму. Зборка машынаў на «Юнісоне» складаецца, практычна, з прыкручвання колаў да гатовага машынакамплекту. Такім чынам, кампанія прадае імпартаваныя машыны, але афармляе іх пры ўвозе як дэталі для зборкі, што дазваляе пазбягаць аплаты мыта.

«На цякучы момант купляць аўтамабіль Кадылак у Расеі сэнсу ня мае ніякага. Бо ў нас кошты або гэткія ж, або танней», – дадаў спадар Жлоба.

Вытворчасць аўтаў у Беларусі – шырма?

У адрозненне ад «Джылі», «Юнісон» з новага года працу не спыніў, што можа тлумачыцца сувязямі яго ўладальніка – Аляксея Ваганава, у маскоўскіх ды менскіх урадавых кабінетах. Шэраг адмыслоўцаў адзначае: да сённяшняга дня вытворчасць легкавых аўтамабіляў у Беларусі насамрэч была толькі шырмаю для бязмытнага рээкспарту ў Расею кітайскіх ды заходніх мадэляў.

Станіслаў Івашкевіч, Вольга Чайцыц, Барысаў

Глядзі таксама
Каментары