Беларуская прамысловаць зарабляе на санкцыях супраць Крамля 


Прамысловы рывок. Як паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт, найвялікшы пад’ём у беларускай прамысловасці цяпер зазнае апрацоўчая галіна. За студзень-травень яе аб’ём вытворчасці вырас амаль на 10 %.

Найбольш павялічылася вытворчасць рухавікоў і падшыпнікаў. Іх сёлета сабралі амаль на 20 % больш, чым год таму. Транспартных сродкаў і прадуктаў дрэваапрацоўкі – на 15 % больш. Нафтапрадуктаў перагналі на 10 % больш, чым летась.

«На сусветных рынках назіраецца спрыяльная кан’юнктура. Плюс санкцыі супраць Расеі даюць магчымасць беларускім экспарцёрам», – кажа эканаміст Леанід Фрыдкін.

Як паведамляе незалежны прафсаюз металістаў, на МАЗе сёлета заробкі выраслі прыблізна на чвэрць, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Сёлета, паводле прагнозу Міжнароднага валютнага фонду, Сусветны эканамічны рост працягне расці хуткімі тэмпамі ды павялічыцца больш як на тры адсоткі. Гэта – менш, чым летась, але ўсё роўна дастаткова, каб утрымліваць на высокім узроўні кошт нафты і калійных угнаенняў, а ўслед за імі – і расейскі попыт на беларускія прамысловыя вырабы. Але эканамісты засцерагаюць ад дзвюх небяспечных для Беларусі тэндэнцыяў. Па-першае, айчынны экспарт расце павольней, чым замежныя рынкі, і Беларусь, хоць і павялічвае аб’ёмы замежных продажаў, але робіць гэта нашмат павольней, чым канкурэнты. Гэтак МАЗ, хоць і павялічыў экспарт цяжкавікоў у Расею, але, паводле рэйтынгу тамтэйшых вытворцаў, скаціўся з чацвёртага месца два гады таму на сёмае сёлета.

«Ёсць істотныя пагрозы на расейскім рынку, звязаныя з тым, што там дастаткова актыўна развіваецца як сельская гаспадарка, так і выпуск сельгастэхнікі і аўтамабіляў, у тым ліку, цяжкавых», – адзначае Леанід Фрыдкін.

Другі небяспечны чыннік – імклівы рост сусветнай эканомікі, паводле бальшыні міжнародных арганізацыяў, наўрад ці працягнецца больш за яшчэ адзін год, пасля чаго распачнецца перыяд стагнацыі. Міжнародныя крэдыторы настойліва раяць афіцыйнаму Менску падрыхтавацца да гэтага перыяду, скараціўшы дзяржаўны доўг і правёўшы маштабную прыватызацыю прадпрыемстваў, якіх беларускі бюджэт ужо не здатны цягнуць. Між тым, дзяржаўны доўг Беларусі працягвае расці, а прыватызацыя носіць кропкавы характар.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат»