Аб'ектыў 11.08.2017 Беларуская мова ў Гомлі: чыноўнікі не могуць, людзі не хочуць


Юлія Сівец і Мікола Бянько яшчэ два гады таму запісалі сына Станіслава ў 160-ы садок Гомля, бо менавіта там яшчэ прапаноўваюць дашкольную адукацыю на беларускай мове. Цяпер тут ёсць група пяцігадовых дзетак. Аднак сёлета набору не будзе.

Чаму?

Учора ў гомельскім садку № 160 адбыўся сход, на якім правялі анкетаванне, ці хочуць бацькі вучыць дзяцей на сваёй мове. На сходзе прысутнічалі бацькі 31 дзіцяці. Адказы размеркаваліся наступным чынам: 4 – за навучанне па-беларуску, 17 – супраць, 10 – не вызначыліся.

«Бацькі не выявілі жадання, каб была беларускамоўная група. Для таго, каб набраць, трэба 20 дзяцей па нарматывах», – зазначыла загадчыца садка Таццяна Маскоўкіна.

Чыноўнікі: мы – за, бацькі не хочуць!

Такім чынам, сёлета ў паўмільённым горадзе беларускамоўным семʼям няма куды аддаць сваё дзіця на дашкольнае выхаванне. А ці прыкладаюць нейкія намаганні гомельскія ўлады?

Чыноўнікі пераконваюць: яны прагнуць стварыць беларускамоўную групу. Праблема толькі ў адным – бацькі не хочуць.

«Я 15 гадоў прапрацавала настаўнікам у малодшых класах, выкладала беларускую мову. Калі трэба на яе перайсці, таксама буду на ёй размаўляць», – даводзіць Людміла Крылісненка, начальніца аддзелу адукацыі гомельскага гарвыканкаму.

Бацькі: гэта чыноўнікі не даюць рады са сваймі абавязкамі

«Праблема не ў тым, што бацькі не хочуць аддаваць сваіх дзяцей у беларускамоўныя групы і садкі. Для гэтага павінны быць створаны рамкі з боку дзяржавы. Мы не нацыянальная меншасць, мы жывем у сваёй дзяржаве, і дзяржава стварае рамкі. Калі яна іх не стварае, адпаведна, гэта не наша дзяржава», – абураецца Мікола Бянько, тата дашкольніка.

Прадстаўнікі Таварыства беларускай мовы гавораць, што ў горадзе ахвотных аддаць сваіх дзяцей у беларускія групы хапае. Гомельскае ТБМ сабрала 500 подпісаў грамадзянаў, якія дамагаюцца актыўнасці дзяржавы ў рэалізацыі гэтага пытання.

«Мы звярнуліся ў гарвыканкам, сабралі подпісы пад тым, каб стварылася асобная чарга для тых, хто хоча каб іх дзеці навучаліся на беларускай мове. Але чарга створана не была – было адказана, што гэта супярэчыць заканадаўству, але мы не знайшлі, дзе менавіта пярэчыць», – запэўнівае Алеся Аўласевіч з Таварыства беларускай мовы.

Лік дзяцей, якія навучаюцца на беларускай мове, катастрафічна змяншаецца

Паводле афіцыйных звестак, цяпер у Гомельскай вобласці па-беларуску выхоўваюцца 7,2 % вучняў.

Яшчэ 23 гады таму, да надання расейскай мове статусу другой дзяржаўнай большасць дзяцей у Беларусі выхоўвалася па-беларуску. Гэтак, у 1994 годзе ў дзіцячых садках на беларускай мове вучылі амаль 61 % адсотак дзяцей.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары