Аб'ектыў 15.07.2018 Беларуская моладзь уцякае за мяжу


Лета – час адпачынку, але не для выпускнікоў школаў, якія рыхтуюцца да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Ад цяперашняга выбару залежыць увесь жыццёвы шлях. Паліну Роганаву – чакае дарога і ў наўпроставым сэнсе – у Польшчу. Выпускніца віцебскай гімназіі для паступлення абрала польскі ўніверсітэт.

«Глядзела ВНУ і ў Беларусі, і ў Польшчы, але не знайшла менавіта той спецыяльнасці, якую хацела. Шукала я «Турызм, гатэльны і рэстарацыйны бізнес». У нас турызм больш накіраваны на гасціннасць і аграрны турызм», – кажа выпускніца гімназіі №2 у Віцебску Паліна Роганава.

Хоць рашэнне цвёрда прынятае, але маці ўсцяж спадзяецца, што дачка не пакіне бацькоўскага дому ці прынамсі радзімы.

– Можа, перадумаеш, можа, застанешся яшчэ ў Беларусі і паступіш тут, бо тут таксама ёсць «Турызм»? – пытаецца маці.

– Тут не такі, як у Польшчы, я хачу развівацца менавіта ў сферы бізнесу і адкрыць свой бізнес у будучыні, – адказвае Паліна.

Будучыня не ў Беларусі прываблівае і іншых аднагодкаў Паліны, якія ў родным Віцебску ходзяць на курсы польскай мовы.

«Польскі мне вельмі спатрэбіцца для навучання ў Польшчы, куды я ўжо паеду літаральна праз некалькі дзён», – распавядае навучэнка курсаў польскай мовы Ванда Асіпенка.

Выкладчыца польскай мовы не хавае захаплення ад розуму і працавітасці беларускіх школьнікаў, якія збіраюцца паступаць у польскія ўніверсітэты.

«Вельмі файная моладзь. Вельмі амбіцыйная, інтэлігентная. Вельмі шмат у моладзі, дзяцей дадатковых заняткаў. Я думаю, што ў Польшчу едзе моладзь высокага ўзроўню вучыцца. Часам дзесьці шкада, хацелася б, каб заставаліся тут», – кажа выкладчыца польскай мовы Агнешка Атрашкевіч.

Усходні накірунак

Але тут не застаюцца і тыя выпускнікі, якія не маюць намеру ехаць у Польшчу. Калі з 16 вучняў з класу Паліны чацвёра паступаюць у заходнія ВНУ, то 6 чалавек – у расейскія. Менавіта апошняму выбару спрыяюць школьныя педагогі – перакананая завуч в вялікім стажам Таццяна Севярынец.

«Ёсць нейкая дамова… з адміністрацыямі школ, якія з распрасцёртымі абдымкамі прымаюць рознага кшталту профагітатараў у расейскія ВНУ», – лічыць Таццяна Севярынец.

Не толькі агітатары заахвочваюць таленавітую беларускую моладзь паступаць у Расею, але і самыя педагогі. Гэтак, як бачым на сайце віцебскай сярэдняй школы № 5 завуч напісала разгорнуты артыкул з інструкцыямі, як паступіць у расейскую ВНУ. Гэткай жа рэкламы беларускім вучэльням у школе не робяць.

«Калі прыходзяць нашыя ВНУ (у Віцебску іх шмат: і Тэхналагічны, і Медінстытут, і Ветэрынарны інстытут, і Педуніверсітэт), іх не гэтак ахвотна адміністрацыя прымае: усё няма часу, усе дні занятыя, каб правесці гадзіну прафарыентацыйную», – адзначае спадарыня Таццяна.

Таццяна Севярынец узняла гэтае пытанне на паседжанні ў гарвыканкаме. Чыноўнікі паслухалі, згадзіліся, але захадаў не прынялі. Змены трэба ўводзіць і датычна саміх універсітэтаў: каб навучанне ў іх стала больш прываблівае, трэба яго зрабіць фінансава дасяжным ды адмяніць прымусовае размеркаванне. Цяперашнія ж чыноўнікі пра гэта не думаюць. Але ці будзе каму думаць у будучыні, калі «беларускія мазгі» паспяхова пераманьваюць замежныя ВНУ?

Вольга Старасціна, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары