Кантрабанда як рухавік эканомікі Беларусі


Наймацнейшы эканамічны рост з 2011 году. Па выніках студзеня-ліпеня валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 4,4 %. Чым тлумачыцца такі пад’ём і наколькі ён трывалы?

Кантрабанда як адзін з галоўных рухавікоў беларускай эканомікі. Найвялікшы абʼём вытворчасці за першыя сем месяцаў года, паводле грошай, паказалі харчовая ды нафтаперапрацоўчая галіны прамысловасці.

Агулам па выніках студзеня – ліпеня валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыўся на 4,4 %. Гэта крыху менш, чымся ў папярэднія месяцы, але найлепшы вынік за апошнія сем гадоў.

«Вось гэты рост можна патлумачыць дастаткова нядрэннаю замежнаю канʼюнктураю, якая склалася ў першым паўгоддзі. Гэта высокія кошты на нафту і дастаткова ўдалыя суадносіны беларускага рубля да расейскага рубля», – адзначае аналітык Teletrade.by Міхаіл Грачоў.

Паводле расейскіх урадоўцаў, немалы ўнёсак у эканамічны рост Беларусі ўклала яшчэ кантрабанда. Вытворчасць харчоў – найбуйнейшая галіна беларускай прамысловасці (20 % ад агульнага аб’ёму). Але «Рассельгаснагляд» сцвярджае, што частка гэтых аб’ёмаў – не ўласная беларуская вытворчасць, а незаконны рээкспарт з Еўразвязу ў Расею. Як стала вядома на гэтым тыдні, Крэмль мае прэтэнзіі і да беларускай нафтаперапрацоўкі, закідаючы Менску рээкспарт на захад гатовых расейскіх нафтапрадуктаў.

«Расея ўносіць змены ў падатковыя і бюджэтныя правілы, уводзіць змены ў вывазныя мыты. Вось гэта можа адмоўна адбіцца. Ну, да канца года сітуацыя, хутчэй за ўсё, кардынальна не зменіцца», – працягвае Міхаіл Грачоў.

Іншыя адмыслоўцы мяркуюць, што змяншэнне кантрабанды і нядаўняя дэвальвацыя расейскага рубля можа істотна запаволіць беларускі эканамічны рост ужо сёлета.

«Па-першае, будзе ўвесь час павялічвацца база. Па-другое, цяпер, у жніўні, мы перажылі чарговы дэвальвацыйны ўдар у Расеі. Калі там валюта патаннела, то нам увогуле будзе вельмі цяжка туды нешта прадаваць», – заўважае былы дарадца старшыні Нацбанку Беларусі Сяргей Жбанаў.

Налета ж адмыслоўцы збольшага прадказваюць эканамічныя праблемы. Бо, нягледзячы на тое, што высокі рост сёлета паказваюць і іншыя галіны, шмат якія з іх застаюцца стратнымі. Гэтак, летась Менскі аўтамабільны завод спрацаваў са стратаю на 40 мільёнаў рублёў. Сёлета рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі ў сярэднім па Беларусі зменшылася з 10 % да 9-ці. Страты стратных арганізацыяў павялічыліся ўдвая.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Viktor Drachev/TASS/ Forum