Аб'ектыў 23.11.2017 «Беларуская чыгунка» не спыніцца, дзе мала людзей


Маршрут Менск – Полацк без прыпынку ў вёсцы Параф’янава. Навіна пра тое, што хуткасны цягнік, які з’явіцца ў снежні, пусцяць у абыход іхнае станцыі, занепакоіла жыхароў Параф’янава і бліжэйшых паселішчаў Докшыцкага раёну.

Новы экспрэс з’явіцца замест цягніка міжрэгіянальнай лініі

Узамен жа беларуская чыгунка не прапаноўвае нічога. Тым часам станцыя мае адную з найвялікшых плыняў пасажыраў у бок Менску. Вёска Параф’янава налічвае прыблізна 2000 жыхароў. Карыстаюцца з станцыі і жыхары райцэнтру Докшыцы, што за 10 кіламетраў ад яе. Супраць пагаршэння транспартавага злучэння падпісаліся каля 200 чалавек.

«Цягнікі рэгіянальных лініяў бізнескласу, а гэта менавіта так будзе называцца гэты цягнік, яны павінны спыняцца на станцыях у райцэнтрах, альбо на адлегласці да 15 км ад райцэнтраў. Такім чынам па правілах у Параф’янава прыпынак павінен быць», – даводзіць мясцовы актывіст Кастусь Шыталь.

Зварот скіравалі ва ўпраўленне «Беларускай чыгункі»

Ці пойдуць на сустрэчу жыхарам Параф’янава, пакуль не паведамляюць. «Няхай чакаюць адказу», – каментуюць сітуацыю ў прэс-цэнтры «БЧ».

Папярэдне запланавалі, што хуткасны цягнік паміж Менскам і Полацкам будзе рабіць яшчэ тры прыпынкі – у Крулеўшчыне, Маладзечне і ў Вілейцы. Аднак мясцовыя жыхары перакананыя: Параф’янава – важны прыпыначны пункт. Скіраванне на іншы пуць і стаянка некалькі хвілінаў моцна не паўплывае на агульны час шляху, затое пазбавіць жыхароў неабходнасці дабірацца да буйных гарадоў прыгараднымі цягнікамі.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары