Аб'ектыў 17.03.2017 Беларуская глыбінка: Заробак $ 50 ужо падзея!


Знайсці суразмоўцу ў Любанскім раёне, які пагадзіўся б распавесці, з якім настроем падышлі да сезонных працаў, аказалася зусім не простаю задачаю. На просьбу работніц паглядзець, як і дзе яны працуюць, мы накіроўваемся на ферму «Юшкавічы». Але адразу зʼяўляецца дырэктар, які настойліва просіць на аб’екце не здымаць. Пра ўмовы працы распавядае ўжо былая работніца Вольга Рамановіч.

Жанчыну звольнілі, калі яна праходзіла курс лекавання ад астмы

«Апроч мата, абразаў, мы нічога не чуем, сёння той, хто гуляе па тыдням, пʼе і на працу не ходзіць, яны працуюць, таму што яны рот не раскрываюць. А калі я магу нешта патрабаваць, то такія не патрэбныя тут», – дзеліцца набалелым спадарыня Вольга Рамановіч.

Вольга дадае, што затрыманне заробкаў і выплаты часткамі сталі звычайнаю практыкаю. Атрымаць хаця б Br 100, якія ты напрацаваў, гэта ўжо падзея.

Звесткі пра тое, што шмат у якіх гаспадарках Любанскага раёну кіраўніцтва не разлічылася з працаўнікамі яшчэ за мінулы год, пацвярджае абсалютная большасць нашых суразмоўцаў. «У калгасах да, яшчэ са снежня не выплацілі заробкі», – кажа суразмоўца «Белсату» Васіль.

Сітуацыя ў раённым цэнтры не нашмат лепшая, чымся ў вёсках

Мы не сустрэлі ніводнага жыхара Любані, які пахваліўся б заробкам, вышэйшым за Br 350. Аднак старшыня Любанскага райвыканкаму днямі адзначыўся гучнаю заяваю пра тое, што заробак $ 500 залежыць… выключна ад жадання людзей працаваць.

«Кіраўнік дзяржавы выразна даў зразумець, што дасягненне ўзроўню сярэднямесячнай зарплаты ў эквіваленце $ 500 па выніках 2017 года не сігнал да таго, што гэтыя грошы трэба проста раздаць, іх трэба зарабляць. Тут на першы план выходзіць жаданне чалавека працаваць. Напрыклад, у механізатараў заработная плата залежыць ад абʼёмаў апрацаванай глебы. Можна прывесці яшчэ масу прыкладаў. Усё – у руках людзей, ніхто не замінае зарабляць», – мяркуе старшыня Любанскага райвыканкаму Сяргей Казецкі.

Усе ў раёне – лайдакі?

З гэтымі словамі можна было б і пагадзіцца, калі б жыхары Любаншчыны, усе, як адзін, не казалі, што працы ўвогуле няма, а заробак Br 150–200 лічыцца ў раёне неблагім. Згадкі пра заробак $ 500 выклікаюць адно ўсмешкі і раздражненне.

Атрымоўваецца, што або ўсе ў раёне – лайдакі, што малаверагодна, або Сяргей Казецкі райвыканкаму частуе дзяржаўных журналістаў занадта аптымістычнымі рапартамі.

Паводле старшыні райвыканкаму, беспрацоўных у раёне – крыху больш за тысячу чалавек, якіх працаўладкаваць не праблема. Праўда, праблемаю стала ўласна атрымаць заробленыя грошы. І не абяцаныя $ 500, а хаця б сотню.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары