Беларусам дазволяць пратэставаць. Чаму гэта насамрэч дрэнна?


Калі коратка, законапраект міністра Шуневіча можна было б назваць «Усе на Бангалор». Кіраўнік МУС прапанаваў увесці паведамляльны прынцып пры арганізацыі масавых акцыяў. То бок дазвол мясцовых уладаў на мітынгі ў вызначаных месцах будзе не патрэбны. Падаеш заяўку – мітынгуеш на Бангалоры.

Плошча Бангалор, даўно сталася сімвалам выціскання нязгодных з афіцыйнаю палітыкаю з цэнтру сталіцы. Нічога не гаворыцца ў законе і пра стыхійныя сходы.

Гэтыя змены – адгалоскі вясновых пратэстаў

«Пікет ён мае сэнс толькі каля мэтавай аўдыторыі, то бок калі я пікетую Менгарвыканкам, я мушу рабіць гэта непасрэдна каля аб’екту, якому я хачу данесці свой пратэст. А ў парку Бангалор, стоячы з плакатам, прама скажам, я буду выглядаць трошку дзіўна», – даводзіць праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Што яшчэ варта ведаць пра лібералізацыю паводле Шуневіча?

Дазвол на акцыю па-за вызначанымі месцамі ўсё адно трэба будзе браць у мясцовых уладаў. Вырасце адказнасць партыяў за правядзенне імпрэзаў. Да ўзгаднення мітынгу медыям будзе забаронена анансаваць акцыю.

І яшчэ: працаваць на акцыях змогуць толькі журналісты тых медыяў, якія маюць рэгістрацыю ці акрэдытацыю. Гэтая норма наўпрост б’е па нашым тэлеканале, які рэгулярна вядзе онлайны з акцыяў пратэстаў. А самыя арганізатары пратэстаў кажуць, што не бачаць зменаў у лепшы бок.

Апазіцыя падтрымлівае рэпрэсіі супраць апазіцыі

Нягледзячы на ўсе пытанні, да зменаў у Закон аб масавых сходах, за яго аднагалосна прагаласавалі ўсе 104 чальцы Палаты прадстаўнікоў, якія бралі ўдзел у паседжанні. У тым ліку і дэпутаты ад апазіцыі Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Улады замацавалі нефармальную практыку, якую да гэтага рэалізоўвалі

«Што датычна людзей, якія могуць быць заяўнікамі, будзе заканадаўча закладзена, што тыя хто мае адміністрацыйную судзімасць цягам года, а гэта ўсе апазіцыянеры, яны не змогуць быць арганізатарамі масавых сходаў», – звяртае ўвагу палітык Віталь Рымашэўскі.

У якасці рэакцыі на забарону актывісты прапанавалі актыўней ужываць Тэлеграм-каналы. То бок тыя сродкі камунікацыі, якія яшчэ не рэгулююцца ўладамі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»