Беларус з ВІЧ-інфекцыяй: «Я такі ж чалавек, як і іншыя»


«Стыгма і дыскрымінацыя» – тыя негатыўныя наступствы, якія разам з хваробаю пераследуюць людзей з ВІЧ-інфекцыяй праз усё жыццё. Пры гэтым адмыслоўцы сцвярджаюць, што ВІЧ-інфекцыя не прысуд, а ў групе рызыкі – усе мы».

Васілю – сорак тры гады, і ўжо 20 з іх мужчына жыве з ВІЧ-інфекцыяй. Быў на мяжы жыцця і смерці, але стаў лекавацца, і цяпер мае паўнавартаснае жыццё: працу, сям’ю, гадаваную дачку. Аднак па-ранейшаму Васіль хавае свой ВІЧ-статус: называе несапраўднае імя і не размаўляе адкрыта.

«Я, на жаль, цяпер сяджу спінаю да гледачоў, каб мяне не бачылі, бо не ўсе мае блізкія ведаюць, што ў мяне ВІЧ-статус. І я баюся, што яны паставяцца са страхам і асуджэннем на мой адрас, даведаўшыся пра мой дыягназ. Але мне б вельмі хацелася размаўляць з людзьмі адкрыта і расказваць пра тое, што гэтае захворванне лечыцца, што я такі ж чалавек, як і іншыя. І што вельмі непрыемна штосьці хаваць пра сябе».

Першыя выпадкі ВІЧ-інфекцыі ў Беларусі зафіксавалі каля 30 гадоў таму. За гэты час пашырэнне дасведчанасці ў грамадстве знізіла негатыўнае стаўленне да хворых, сцвярджаюць адмыслоўцы. Але ці сапраўды людзі гатовыя жыць і працаваць побач з інфікаванымі? Цікавімся ў менскіх мінакоў.

Жыхары Менску:

«Не ведаю нават… Проста кантактаваць з імі далей. Нічога дрэннага ў гэтым няма. Рознае бывае ў жыцці».

«Прымала б такім, якім ён ёсць. Для мяне гэта не праблема – мы ўсе людзі аднолькавыя, усе заслугоўваем павагі і добрых адносінаў, не зважаючы на нашыя захворванні».

«Калі працаваць, то нічога страшнага – усё нармальна. А вось калі кантактаваць, з дзіцем, то, канечне, праблема. Я б неяк абмяжоўвала кантакты».

На сёння ВІЧ-інфекцыю ў Беларусі маюць больш чым 19 тысяч жыхароў, 400 сярод якіх – дзеці. Пры гэтым кожны пяты чалавек, які мае ВІЧ, ня ведае пра свой дыягназ. Рост колькасці хворых можа азначаць і тое, што людзі сталі часцей правярацца на ВІЧ. Пра гэта гаварылася падчас адмысловага фестывалю, які прайшоў у Менску напярэдадні Усясветнага дня барацьбы са СНІДам.

Вольга Тулакіна, грамадскае аб’яднанне «Людзі плюс»: «Адзінае, што сапраўды застаецца сурʼёзным барʼерам для таго, каб нашыя людзі жылі доўга і шчасліва, незалежна ад таго, ёсць у іх статус ці няма, – напэўна, ўсё ж стыгма і дыскрымінацыя ў грамадстве».

ВІЧ-інфікаваныя маюць магчымасць атрымоўваць ад дзяржавы бясплатнае лекаванне, якое дазваляе мець паўнавартаснае жыццё бяз шкоды і пагрозаў для навакольных. І адначасна – ад дзяржавы ж маюць заканадаўчыя і нарматыўныя акты, якія абмяжоўваюць права на асобныя прафесіі ды пагражаюць крымінальнай адказнасцю за заражэнне іншага чалавека, нават калі гэта сужэнцы.

Кацярына Парфянюк, грамадскае абʼяднанне «Пазітыўны рух»: «Любая дыскрымінацыя, крыміналізацыя ВІЧ-інфекцыі і людзей, якія ў групе рызыкі, уплывае на тое, што эпідэмія расце. Калі мы будзем паступова змяняць свае адносіны, то, канечне, да 2030 года мы зможам перамагчы інфекцыю».

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што каб спыніць распаўсюд ВІЧ-інфекцыі, людзі не павінны баяцца дыягнаставаць і не павінны ўтойваць сваё захворванне. А для гэтага неабходна скасаваць юрыдычныя нормы, якія абмяжоўваюць правы хворых, а таксама крымінальны пераслед.

Галіна Абакунчык, «Белсат»