Аб'ектыў 23.06.2017 Беларусь у даўгах. Дзе б перазаняць, каб перааддаць?


Беларусь пазычыла мільярд і чатырыста мільёнаў долараў на фондавых рынках. Адмыслоўцы ўказваюць на надзвычай кароткі тэрмін, за які ўрад прадаў свае гэтак-званыя еўрааблігацыі, але і цану прыйшлося заплаціць немалую. Ці надоўга нашая краіна атрымала перадых ад пагоні за новымі крэдытамі і як гэта адабʼецца на гаманцах беларусаў?

У панядзелак паведамілі пра намер выпусціць аблігацыі, а ў пятніцу ўжо атрымалі за іх грошы. Беларускае Міністэрства фінансаў прадало на заходніх біржах два пакеты сваіх аблігацыяў. 800 мільёнаў долараў на пяць гадоў і яшчэ 600 мільёнаў трэба будзе аддаць праз дзесяцігоддзе.

За дзесяцігадовую пазыку нашая краіна будзе плаціць крыху больш як 7,5 адсоткаў гадавых. За пяцігадовую – 7 і адну восьмую адсотка. Адмыслоўцы адзначаюць: кошт вышэйшы, чым прагназавалася.

«Літаральна, некалькі дзён таму пад такую ж даходнасць размясціла Аргентына свае валютныя аблігацыі. Праўда, на сто гадоў. Пры гэтым, краіна, якая мае рэпутацыю серыйных дэфолтаў і літаральна год таму яна кончыла доўгі судовы працэс з папярэднімі сваймі крэдыторамі», – кажа фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Апрача штогадовага перапазычэння сумы доўгу ўлады вымушаныя браць штогод новыя крэдыты для таго, каб выплаціць адсоткі за старыя. Паводле стану на 1-га красавіка сёлета замежны дзяржаўны доўг павялічыўся на 600 мільёнаў долараў у параўнанні з аналагічнаю датай мінулага года. Летась ён таксама вырас на 600 мільёнаў.

«Гэта азначае, што ўрад, у якасці падаткаў вымае з эканомікі больш грошай, чым вяртае. Гэта яшчэ больш душыць гэтую эканамічную актыўнасць», – кажа Чалы.

Калі пазалетась выплаты за абслугоўванне ўзятых раней крэдытаў складалі 4 адсоткі ад бюджэту, то летась – ужо 10 %, а сёлета ў першым квартале – ажно 17 %.  То бок кожны шосты бюджэтны рубель цяпер ідзе на выплату адных толькі адсоткаў за ўзятыя раней крэдыты. А сума доўгу, за які трэба плаціць адсоткі, штогод павялічваецца

Станіслаў Івашкевіч, Менск, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары