Залаты запас Беларусі павялічыўся. Чаму гэта кепска?


Два месяцы імпарту можа цяпер аплаціць Беларусь сваймі золатавалютнымі рэзервамі. Паводле Міжнароднага валютнага фонду, гэта – прыблізна палова таго ўзроўню, які дасць уладам магчымасць абараняць курс беларускага рубля ад рэзкіх часовых ваганняў на валютным рынку.

Летась улады планавалі нарасціць золатавалютны запас да $ 5,5 млрд

Але ўжо цяпер перавыканалі план на 30 %. Рэзервы Нацбанку складаюць без малога $ 7 млрд – больш, чым напярэдадні дэвальвацыі 2015 года.

У падрабязным апісанні золатавалютных рэзерваў на сайце Нацбанку адзначаецца, што запланаваныя адтокі з іх цягам наступных 12 месяцаў складуць каля $ 6 млрд То бок без новых пазыкаў нам давядзецца аддаць амаль увесь існы золатавалютны запас. Іншымі словамі, тлумачаць адмыслоўцы, павелічэнне ЗВР нельга назваць заслугаю ўладаў, бо яно дасягнутае не за кошт прафіцыту бюджэту, то бок – адкладання лішніх заробленых грошай, а за кошт павелічэння доўгу.

Былы дарадца старшыні Нацбанку Сяргей Жбанаў у тэлефоннай размове з «Белсатам» назваў золатавалютавы запас нашай краіны «ўмоўным рэзервам», маючы на ўвазе, што гэта ўсё – пазычаныя грошы, якія трэба вярнуць цягам года. Акадэмічны дырэктар «BEROC» Кацярына Барнукова канстатуе, што, хоць улады штогод абяцаюць выплочваць частку запазычанасці ўласнымі сіламі, гэта не ўдаецца з прычыны недастатковай канкурэнтаздольнасці айчыннай эканомікі.

«Таму, нажалль, прыходзіцца назапашваць запазычанасць і без структурных рэформаў сітуацыя наўрад ці зменіцца», – даводзіць яна.

Большая стабільнасць беларускага рубля ад павялічаных ЗВР – таксама ўяўная, бо залежыць ад здольнасці ўраду штогод гэтыя грошы перапазычаць, перадусім ад Расеі. Сёлета Масква пазычыла Менску $ 700 млн на тое, каб ён змог зрабіць выплаты ранейшых расейскіх пазыкаў. Адпаведнае міжурадавае пагадненне Менск ухваліў сёння. У жніўні дырэктар беларускага офісу Сусветнага банку заявіў, што Беларусь падышла да той мяжы дзярждоўгу, калі далейшая яе здольнасць прыцягваць замежныя пазыкі ў сярэднетэрміновай перспектыве выклікае пытанні.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Ruben Sprich / Reuters / Forum