БАТЭ трымае лідарства


Барысаўскі БАТЭ, які датэрмінова ўжо заваяваў залатыя медалі сёлетняга чэмпіянату краіны па футболе ў найвышэйшай лізе, на сваёй арэне дабіўся чарговай вікторыі. Гэтым разам перад імі капітуляваў наваполацкі „Нафтан”, 2:1. 

На „Барысаў-арэне” атрымалася сапраўднае свята для заўзятараў БАТЭ. Яны маглі сфатаграфавацца на фоне заваяваных Кубкаў сваёй каманды. Перад пачаткам сустрэчы іх забаўляў Саша Нэма. А прадстаўнікі аднаго з бровараў краіны ўзнагародзілі найлепшых фанатаў БАТЭ. Гульцы, у сваю чаргу, не расчаравалі вынікам і перамаглі 2:1. Тым часам сталічнае „Дынама” нанесла паразу „Славіі” 2:0 і пакуль на другім месцы. Салігорскі «Шахцёр» у хатнім матчы разграміў аўтсайдара – клуб «Віцебск», 4:1, і захаваў за сабою трэці радок турнірнай табліцы. «Белшына», што на сваім полі са знішчальнымі 4:0 святкавала вікторыю над «Менскам», займае 4-ты радок, адстаючы на пункт ад гарнякоў.