Аб'ектыў 07.12.2017 Бараўляны. Дзеці губляюць прытомнасць у чэргах да доктара


Каб наведаць з дзіцём паліклініку, трэба прысвяціць гэтаму амаль палову дня і быць гатовым да горшага, лічыць шматдзетная маці Ілона.

«Тое, што там будзе шмат людзей, будзе душна, будуць плакаць маленькія дзеці, якія не ў стане знаходзіцца ў статычным стане – гэты тры-чатыры гадзіны. Нават калі на руках у цябе талон, гэта не гарантыя таго, што ты зойдзеш нават праз паўгадзіны. І сёння я стала сведкай, калі не маленькі, а даволі дарослы дзяцёнак 10 гадоў згубіў прытомнасць», – шчыруе Ілона Ковалева, шматдзетная маці з Бараўлянаў.

Троху статыстыкі

На кожны з 13-ці педыятрычных участкаў у Бараўлянскім сельсавеце прыпадае каля 1100 дзяцей пры норме 800. Пад кабінетам кожнага педыятра ўтвараюцца тры чаргі – наведнікі з талонамі паводле часу і без часу, а таксама людзі без талонаў. Бывае за трохгадзінную змену педыятр прымае больш за 100 дзяцей.

Толькі за апошнія дзевяць гадоў колькасць дзяцей, якія перабываюць на абслугоўванні Менскай раённай паліклінікі, вырасла з 4,5 тысячаў да 13,5 тысячаў. Усяго ж у Бараўлянскім сельсавеце жывуць каля 50 тысячаў чалавек. Будаўніцтва паліклінічных установаў прадугледжанае ў скарэктаваным генплане за 2017 год, але разам з тым плануецца і павелічэнне жыллёвых плошчаў на чвэрць, а насельніцтва – амаль на 10 тысячаў чалавек.

Што рабіць?

Каб дамагчыся выканання сваіх патрабаванняў у сацыяльнай сферы, спецыялісты раяць грамадзянам звяртацца да дэпутатаў усіх узроўняў, ствараць аб’яднанні ці выкарыстоўваць больш нязвыклыя метады.

Калі яны лічаць, што іхны голас не пачуты, яны могуць ініцыяваць мясцовы рэферэндум. Безумоўна, беларуская сітуацыя не дасі ім магчымасці яго правесці, але такая палітычная актыўнасць жыхароў, рэгістрацыя ініцыятыўнай групы будзе мець уплыў. І ў нейкі момант мясцовыя органы ўлады скажуць – «Чур вас, вось вам паліклініка», – упэўнены Дзяніс Кобрусеў з кампаніі «Генплан для менчукоў».

А пакуль ідуць перамовы з уладамі, і новая паліклініка застаецца на паперы, Ілона і яе дзеці стараюцца хварэць як мага менш.

Таццяна Белашова «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары