Аб'ектыў 29.03.2017 Балонскі працэс у Беларусі: студэнтаў адлічваюць за палітыку


«Не выконваў абавязкаў навучэнца»

З такою фармулёўкай другакурсніка Крысціяна Шынкевіча адлічылі з педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка. Сам жа хлопец упэўнены: яго выганяюць за крытычныя пасты ў тўітэры і палітычную дзейнасць.

«25-га сакавіка мяне затрымаў АМАП на офісе вясны а вось 26-га толькі я зрабіў твіт пра тое, што я на кастрычніцкай плошчы, праз 2-3 хвіліны быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі, але яны былі без пасведчанняў», – сведчыць студэнт.

Па выніку хлопцу прысудзілі 20 базавых

Ноч ён правёў на Акрэсціна. Па вызваленні Крысціян даведаўся, што загад аб ягоным адлічэнні падпісалі яшчэ напярэдадні Дня волі.

«Мне амаль наўпрост казалі што гэта за маю палітычную дзейнасць, гэта адзіная падстава, якая можа быць», – даводзіць спадр Шынкевіч.

Азнаёміцца з загадам аб адлічэнні студэнту не далі – паказалі толькі выпіску.

У дэканаце з нашымі журналістамі пра справу адлічанага студэнта размаўляць адмовіліся.

Чарговы выпадак адлічэння з універсітэту паводле палітычных матываў

У Магілёве за ўдзел у маршы недармаедаў адлічылі Алену Кісель. Тыдзень таму за палітычную актыўнасць давялося развітацца з Беларускім дзяржаўным універсітэтам лідару «Моладзі БНФ» Юрыю Лукашэвічу – адміністрацыі не спадабалася, што хлопец браў удзел у абароне Курапатаў.

Самі студэнты з такім ціскам за наяўнасць грамадзянскай пазіцыі катэгарычна не згодныя:

«Пры чым тут вучоба, адзнакі, да таго, што ён выйшаў выказаць свае думкі?»

«У суботу 25-га студэнты ішлі на пары і некаторых затрымлівалі толькі таму, што яны ішлі на пары. Я лічу, што гэта няправільна, давалі штрафы, не пускалі на вучобу».

«Гэта прыцісканне правоў студэнта, чалавека, бо студэнт мусіць казаць усё, што ён думае».

– кажуць навучэнцы сталічных ВНУ.

«Хочацца верыць што ў БДПУ адумаюцца»

Актывіст моладзевай арганізацыі «Студэнцкая рада» Алесь Крот мяркуе, што адміністрацыя навучальных установаў адмыслова шукае нейкія дысцыплінарныя спагнанні, каб падрыхтаваць дакументы на адлічэнне, але большасць гэтых спагнанняў – таксама неправамерныя.

«Хочацца верыць што ў БДПУ адумаюцца, бо мы пакуль усё яшчэ ў Балонскім працэсе, стараемся адпавядаць крытэрыям і не вельмі хочацца псаваць рэпутацыю Беларусі ў гэтым выпадку», – зазначыў Алесь Крот.

Першае, што актывісты раяць студэнтам у гэткай сітуацыі, – найхутчэй звярнуцца па юрыдычную дапамогу ў праваабарончыя арганізацыі, як то Студэнцкая рада, цэнтр «Вясна» або Беларускі хельсінкскі камітэт – каб тыя дапамаглі абскардзіць рашэнне аб адлічэнні.

Настасся Храловіч, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары