Аб'ектыў 09.04.2017 Свабоду народу!: Бабруйск ізноў выходзіць на вуліцы


Былі затрыманні, пагрозы, штрафы ды содні арыштаў. Нічога не дапамагло. Застрашыць жыхароў Бабруйску не ўдалося. Яны ізноў выходзяць на вуліцу і пратэстуюць супраць дэкрэту нумар тры ды патрабуюць працу.

Мясцовы гарвыканкам акцыю дазволіў. Што праўда, падалей ад цэнтру гораду і людных вуліц. Наважыліся выйсці да людзей і чыноўнікі. Пра авангард сацыяльных пратэстаў ды пошук супольнае мовы ўладаў і народу – Наста Ільіна.

Каля сотні людзей сабраліся на мітынг каля ўваходу на стадыён фабрыкі «Славянка» у Бабруйску. Мітынгоўцы патрабавалі спынення дармаедаўскага дэкрэту, стварэння працоўных месцаў, магчымасці збірацца на акцыях пратэсту на плошчы Перамогі, а не на ўскрайку гораду.

Сваю абуранасць чыноўнікам атрымалася данесці, бо тыя нарэшце выйшлі да народу: сціпла назіралі за мітынгам з дазволенага месца яго правядзення – са стадыёну.

Алег Коваль, першы намеснік старшыні гарвыканкаму Бабруйску:

Працуе прыёмная ў Ленінскім, у Першамайскім. Усіх памецім, паставім на ўлік. Ну, а тыя хто слухае прыезджых з Менску – менчукі бабруйчанам не дапамогуць працаўладкавацца, хай заходзяць на вызначаную ўладамі для мітынгу тэрыторыю, бо зараз яны парушаюць закон.

Менавіта гэтак улада Бабруйску адрэагавала на тое, што да дазволенага імі ж мітынгу далучыліся апазіцыйныя лідары са сталіцы (Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі). Самая ж размова з абуранымі бабруйцамі аказалася даволі эмацыйная.

«Мы сёння будзем абмяркоўваць маю працу ці вашыя праблемы? Прыходзьце на мае месца!

Мы не хочам прыходзіць на вашае месца, але што вы робіце для народу для таго, каб ён не наракаў, каб ён не збіраўся?

Свае нараканні на ўрад бабруйцы выйшлі агучыць нягледзячы на хвалю рэпрэсіяў, якая ахапіла ўсю краіну.

«Адмяніць дэкрэт нумар тры, бо ён мае амаральны эфект, а не маральны».

«Адзенне азначае, што наш народ жыве ў канцлагеры, у яго забралі ўсе правы».

«Выгадаваць пяцярых дзяцей пры заробку як у мяне ў два з паловай мільёна вельмі складана. Жонка ў дэкрэце. Дзяржава дапамагае, але гэта мізер».

Другі намеснік старшыні бабруйскага гарвыканкаму Аляксандр Маркачоў паабяцаў тым, хто сабраўся, знайсці працу з заробкам ад 250 да 450 рублёў, бо забяспечыць усіх заробкам 500 долараў, паводле чыноўніка, немагчыма. Але нават гэтыя абяцанні ўсцяж застаюцца абяцаннямі.

Мікалай Казлоў, намеснік старшыні АГП:

Дваццаць гадоў нашую краіну і нас вялі па нейкаму асабліваму шляху, замест стварэння працоўных месцаў нам прапаноўвалі Дажынкі, лядовыя палацы, новыя рэзідэнцыі для прэзідэнта. У выніку мы атрымалі Дэкрэт нумар тры.

Першая размова з чыноўнікамі прайшла скамячана і на падвышаных танах, таму на заканчэнне мітынгу яго ўдзельнікі вырашылі абраць народных прадстаўнікоў, якія будуць далей весці дыялог з уладамі на роўных.

Наста Ільіна, «Белсат»

 

Тэгі: 
Глядзі таксама
Каментары