Аварыйны дом на Віцебшчыне: ідзеш у сутарэнне як у экспедыцыю


Звычайна, каб спусціцца ва ўласны склеп па гародніну і закаткі, Барыс Пугаўка мусіць надзець гумавыя боты. Вады ў сутарэнні жылога дому нумар адзін на вуліцы Горкага ў Крулёўшчыне і сёння па самыя шчыкалаткі.

«Раней, калі дом належыў ПМК-3, пытанняў не ўзнікала, таму што быў гаспадар у доме і ва ўсіх дамах, а пасля таго, як аддалі камхозу – гаспадара не стала, і вада стала затапліваць падвал», – кажа Барыс.

Раней тут быў адвод вады ад адмосткаў дому

Аднак жыхары суседняга пад’езду, уладкоўваючы агарод, засыпалі яго зямлёю. Цяпер праз натуральны ўхіл рэльефу талая і дажджавая вада стала сцякацца ў склеп. Мясцовы камунгас перыядычна выкачвае яе з сутарэння, аднак гэта выпраўляе толькі наступства, а не прычыну праблемы. Не зважаюць камунальнікі і на іншыя скаргі жыхароў.

Узровень вільгаці ў кватэрах перавышае норму ажно на траціну

Каб вырашыць сітуацыю, жыхары пісалі лісты і да кіраўніцтва жылфонду, і ў сельскі выканкам. Нарэшце дом наведала адмысловая камісія, што прапанавала пракапаць некалькі раўкоў уздоуж будынку. Плёну гэта, аднак, не дало.

«А ў апошні час яшчэ «лепш» зрабілі – для таго, каб людзі не карысталіся падвалам, адключылі свет, абрэзалі. Хаця асвятленне падвалу зроблена было па праекце», – скардзіцца Барыс Пугаўка.

У Крулеўшчынскім сельсавеце жыхарам прапанавалі правесці электрычнасць у склеп са сваіх кватэраў.

«Што значыць адключылі святло? На выдаткі РУП ЖКГ асвятленне кожнага складскога памяшкання жыхароў не кладзецца. Асвятляецца пляцоўка, месцы агульнага карыстання. Але індывідуальна падвальнае памяшканне, калі ў карыстанні ў кагосьці, варта аплочваць самім», – падкрэсліла старшыня сельсавету Алёна Таляронак.

Капітальнага рамонту у доме № 1 на вуліцы Горкага не было 26 гадоў

Праз бездапаможнасць мясцовых уладаў дзясяткі людзей штодня працягваюць цярпець нязручнасці: у склеп ходзяць з ліхтарыкам ці свечкай, а для прасушкі памяшкання трымаюць адкрытыя дзверы.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: Алекс Ше