Астраўцу – так, Чарнобыльскаму шляху – не. Улады не хочуць чуць крытыкі АЭС


Будаўніцтва Беларускай АЭС ідзе поўнаю хадою, а традыцыйная акцыя дэмакратычных сілаў – «Чарнобыльскі шлях» – сёлета можа не адбыцца.

Прынамсі ў яе звыклым фармаце. Тым часам напярэдадні 31-ай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС арганізатары акцыі разам з эколагамі прынялі адмысловую рэзалюцыю адносна будучай Астравецкай АЭС.

Акцыя ў памяць самай жахлівай катастрофы ў найноўшай гісторыі Беларусі можа не адбыцца. Прычына ў часе шэсця. Заяўнікі Чарнобыльскага Шляху будуць настойваць, каб сталічныя ўлады дазволілі правядзенне акцыі а 18, а не а 14 гадзіне 26 красавіка, як прапануе Менгарвыканкам. Яны нават пагаджаюцца на зменены менскімі чыноўнікамі маршрут – збор ля акадэміі навук і шэсце да плошчы Бангалор, замест прапанаванага першапачаткова збору ля тэатру оперы і балета з шэсцем да Чарнобыльскай капліцы.

«Калі Менгарвыканкам не дазволіць шэсце а 18 гадзіне, гэта будзе прэцэдэнт: упершыню Чарнобыльскі шлях не адбудзецца, – заяўляе першы намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук. – Гэта вялікая праблема: калі вядзецца будаўніцтва Астравецкай АЭС, а людзі, што змагаюцца супраць АЭС, не могуць заявіць сваю пазіцыю».

Калі ж гарвыканкам ня пойдзе насустрач заяўнікам акцыі, то тыя будуць заклікаць усіх ахвотных прыняць удзел у Чарнобыльскім Шляху, прыйсці на дазволены сталічнымі ўладамі мітынг Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ у Кіеўскім  скверы з 18 да 20 гадзіны. Нагадванне пра трагедыю, якую ўлады намагаюцца забыць, неабходнае асабліва цяпер, калі пад Астраўцом паўстае беларуская АЭС, мяркуюць заяўнікі акцыі.

»Пад Астраўцом закладваецца расейская ядравая бомба запаволенага дзеяння, – лічыць Павел Севярынец з БХД. – Гэта катастрофа, якая разгортваецца проста на нашых вачах. І таму беларусы павінныя зрабіць усё ад іх залежнае, каб спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС«.

Для гэтага ўдзельнікі круглага сталу – эколагі і дэмакратычныя сілы – будуць заклікаць правесці грамадскія слуханні і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў Еўрапарламенце. Галоўная небяспека, мяркуюць яны – не толькі цэлы шэраг надзвычайных здарэнняў, што адбыўся пад час будаўніцтва станцыі, а тое, што ўлады хаваюць інфармацыю пра іх.

«Мясцовае насельніцтва вельмі запалоханае тымі надзвычайнымі сітуацыямі, што адбываюцца на пляцоўцы, і тое, што там адбываецца, закрыта ад насельніцтва. Мы атрымліваем толькі неафіцыйную інфармацыю ад тых людзей, хто там працуе і гэта ўсё вельмі насцярожвае», – кажа Мікалай Уласевіч з ініцыятывы «Астравецкая АЭС.

Падрабязнасці будаўніцтва прыхоўваюцца настолькі, што факт інцыдэнту кшталту абрынання бетонных канструкцыяў, пра які паведаміў наш тэлеканал быў прызнаны толькі пасля афіцыйнай ноты Міністэрства замежных справаў Літвы. А калі тыдзень таму дэлегацыя еўрапарламентароў спрабавала атрымаць дазвол на наведванне будоўлі, афіцыйны Менск заявіў, што на такі візіт няма часу.

«Літва і Польшча ўжо адмовіліся ад куплі беларускай атамнай электраэнергіі, і гэта ўжо ставіць пад вялікае пытанне эканамічную мэтазгоднасць гэтай станцыі, – кажа Ірына Сухій, намесніца старшыні партыі «Зялёныя». – Калі гэта будзе не выгадна, а цяпер больш выгадна прыпыніць будаўніцтва, перапрафіляваць станцыю – што заўгодна, то магчыма атрымаецца пераканаць беларускія ўлады».

Як прызналі летась у Міністэрстве энергетыкі, на будаўніцтве Астравецкай АЭС загінулі тры асобы. Корпус рэактара двойчы трапляў у аварыі, падрабязнасці якіх не раскрываюцца. Тым не менш беларуская станцыя за расейскі крэдыт у $ 10 млрд працягвае будавацца. Першы рэактар мае ўвайсці ў эксплуатацыю ўжо ў 2019 годзе.

Усевалад Шлыкаў

Фота вокладкі відэароліка: Беларускі журнал