Арышты, каб запалохаць


У Магілёверэкорд. Толькі ў судзе Ленінскага раёну цягам дня ажно чатырнаццаць працэсаў за ўдзел у мірных акцыях. Пакаранні пратэстоўцам розныя, але пастановыаднолькавыя.

«Сёлета ў нас усе пераважна маладыя адукаваныя людзі ідуць паводле артыкулу 23.34: удзельнічаў у мітынгу, выказваў незадаволенасць», – кажа аштрафаваная на 405 рублёў Яніна Шчарбакова.

Штрафам 405 рублёў пакаралі і Надзею Салаўёву, якая прыйшла на судовае паседжанне падрыхтаваная да арышту, з пакункам:

«Буду абскарджваць пастанову ў абласным судзе, буду пісаць наглядчую скаргу на суддзю – карацей, па ўсіх пунктах: у Вярхоўны Суд, па ўсіх інстанцыях. Хай ходзяць, разглядаюць».

Праваабаронца Алесь Райкан адзначае, што сітуацыя ў Магілёве адрозніваецца ад менскай, дзе пераважна судзяць тых, каго затрымалі на вуліцах падчас акцыяў:

«У нас у Магілёве судзяць цяпер тых, каго раней выявілі на розных акцыях праз відэа. У Менску выходзіць кожную нядзелю сто тысяч чалавек, і там яшчэ пакуль не займаюцца тымі, каго не схапілі менавіта на самой акцыі».

Таксама, паводле праваабаронцы, у Магілёве пераважна караюць штрафамі, у адрозненне, напрыклад, ад Горадні ці Гомля, дзе часцей арыштоўваюць.

Асабліва моцна па ўсёй краіне ўлада цісне на работнікаў незалежных медыяў, бо менавіта яны асвятляюць тое, што адбываецца. Справу пінскага журналіста Віктара Ярашука разгледзелі сёння толькі з трэцяга разу, пакараўшы дзесяцідзённым арыштам за ўдзел у маршы 13 верасня.

«Сведка-міліцыянт не казаў, што я быў у натоўпе людзей. Мой сведка таксама казаў, што я там не быў. На відэа ўвогуле нічога не было – я стаяў на іншым баку вуліцы і нічога не рабіў. Атрымліваецца, тое, што я і сказаў у апошнім слове: на жаль, у нашай краіне законы не дзейнічаюць», – распавядае Віктар Ярашук.

Галоўную рэдактарку сайту «Сильные новости» Ганну Якштас у судзе Савецкага раёну Менску пакаралі штрафам 540 рублёў, пратрымаўшы тры дні за кратамі. Журналістку гэтага ж выдання Надзею Пужынскую арыштавалі на 14 содняў. Калі ды як яе судзілі, не ведаюць ні родныя, ні сябры. Затрымалі ж Надзею яшчэ 4 кастрычніка, як і чацвярых бабруйскіх журналістаў.

«Я ў іх запыталася: на якой падставе вы мяне затрымліваеце? Мне сказалі, што ў мяне скончылася акрэдытацыя. Я кажу: нічога, што гэта датычыцца толькі замежных СМІ? А яны: нам лепш ведаць», – узгадвае Марына Маўчанава.

Марына Маўчанава застаецца ўдома пад падпіскаю, бо з ІЧУ яе забралі ў шпіталь. Ейныя калегі, Дзяніс Носаў і Юрый Камісараў, ужо трэція содні чакаюць суда за кратамі, а справу Алесі Лацінскай адправілі на дапрацоўванне.

«Я думаю, што гэта аказанне маральнага ціску на незалежных журналістаў, такі знак ім: маўляў, сядзіце, маўчыце, нікуды не выходзьце», – мяркуе Алеся Лацінская.

Актывіст Андрэй Карэлін лічыць, што, ціснучы на журналістаў, улады шкодзіць найперш сабе, бо людзям усё адно патрэбная інфармацыя:

«Інфармацыя пойдзе з іншых крыніцаў, яна будзе абмяркоўвацца ў чатах, дзе яе не спраўджваюць, дзе шмат фэйкаў, дзе людзей могуць увесці ў зман, адмыслова ці не. А журналіст – гэта заўжды стандарт, гэта калі пытаюцца і афіцыйнае меркаванне, і меркаванне людзей».

На момант рыхтавання матэрыялу сайт праваабарончага цэнтру «Вясна» паведамляў пра 175 судовых працэсаў, якія прайшлі сёння ў краіне. Агулам беларусы атрымалі сёння прынамсі 640 содняў арышту і не менш за 40 тысяч рублёў штрафаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»