Апазіцыя выйшла на пікет супраць ушчыльнення ў раёне парку Чалюскінцаў


Рух «За свабоду!» дапамагае менчукам у барацьбе супраць ушчыльнення забудовы ў раёне парку Чалюскінцаў. Адміністратыўны цэнтр і паркоўка ў цэнтры двара – не прывабная перспектыва для менчукоў, якія разам з лідарам руху Юрасём Губарэвічам выйшлі на пікет да адміністрацыі Першамайскага раёну.

Не – ушчыльненню ў раёне парку Чалюскінцаў. Гэтак гучыць адзін з асноўных слоганаў перадвыбарчай кампаніі кандыдата ў дэпутаты Менскага гарадскога савету Юрася Губарэвіча.

План пабудовы адміністрацыйнага цэнтру і паркінгу на 120 машынамесцаў у двары каля дому на праспекце Незалежнасці 93Б выклікаў абурэнне ў мясцовых жыхароў.

«Фармальна грамадскія слуханні былі, але на іх не было вынесена нават паловы неабходных дакументаў. Па-першае, няма праекту дэталёвага планавання – зразумець, пад якія яшчэ мэты можа быць выдаткавана гэта пляцоўка», – кажа старшыня руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Напярэдадні Губарэвіч правёў сустрэчу з выбаршчыкамі, на якую запрасіў чыноўнікаў, а таксама забудоўніка. Аднак ніхто з іх не з’явіўся. Таму сёння мясцовыя жыхары сабраліся на пікет перад адміністрацыяй Першамайскага раёну.

Сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што гаворка пра зону рэгуляванай забудовы. Дамы ўздоўж праспекта Незалежнасці – у спісе гістарычна-культурных каштоўнасцяў. То бок дазвол на будову мусіць даваць Міністэрства культуры. Пакуль такога дазволу не было.

«Месца даволі прывабнае: побач метро, цэнтральны праспект горада Менска. Таму ўсё што там ні пабудуй, яно ў любым выпадку, з улікам таго, што гэты зямельны надзел быў набыты па кошце трохпакаёвай кватэры ў тым жа квартале, гэта будзе суперпрыбытковы інвестыцыйны праект», – распавядае лідар ініцыятывы «Экаград» Віктар Янчурэвіч.

Эксперты адзначаюць, што нават паводле наяўнай дакументацыі праект пажаранебяспечны. Больш за тое тут павялічыцца трафік аўтамабіляў і будзе знішчаная зялёная зона. Грамадскія актывісты не збіраюцца пакідаць тэмы без увагі.

«Будзем пісаць у пракуратуру і дзяржкантроль, каб знайсці, хто ўсё ж такі зацікаўлены ў гэтым. Можа нехта атрымлівае наўпроставую выгаду, кладзе грошы ў сваю кішэню?», – адзначае Губарэвіч.

Аднак ці адкажуць улады на гэтае пытанне?

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»