Апазіцыя і прафсаюзы рыхтуюцца да Першамаю насуперак рэпрэсіям


Страх перад любымі пратэстамі. Акцыі апазіцыі ды незалежных прафсаюзаў, прымеркаваныя да Міжнароднага дня працы, прыцягваюць увагу сілавікоў. У кватэры пінчука Ігара Салаўя мясцовая міліцыя правяла ператрус.

«Пазванілі ў дзверы. У дзвярах была жанчына, якая сказала, што ёй трэба зняць паказанні лічыльнікаў. Брат адчыніў кватэру, і адразу з лесвічнай пляцоўкі ў хату заляцелі тры супрацоўнікі міліцыі», – узгадвае Ігар Салавей.

Паводле мужчыны, міліцыянты шукалі ўлёткі з заклікам выйсці на акцыю пратэсту 1-га траўня ў Пінску, бо лічаць яго імаверным арганізатарам пакуль нідзе не анансаванай масавай акцыі. Што праўда, аніякіх улётак праваахоўнікі гэтак і не знайшлі, аднак – на ўсялякі выпадак – забралі для праверкі камп’ютар.

Замінаюць планам правядзення акцыі пратэсту на першага траўня і незалежным прафсаюзам. Прадстаўнікі аргкамітэту для правядзення першага траўня ў сталіцы «Маршу салідарнасці» па-ранейшаму настойваюць на тым, каб Менскі гарвыканкам дазволіў правесці не толькі мітынг, але і шэсце, то бок абедзве часткі запланаванай акцыі.

Аргкамітэт думае, ці адбудзецца мітынг, калі не дазволяць шэсця

«Калі нам не дазваляюць вось гэтай першай часткі акцыі, гэта скіравана на тое, каб нам сарваць і другую частку. То бок сарваць наагул акцыю, мерапрыемства ў тым выглядзе, у якім мы запланавалі і той колькасці людзей, якое планавалі прыцягнуць», – патлумачыў старшыня прафсаюзу БКНП Аляксандр Ярашук.

Адначасова з незалежнымі прафсаюзамі 1-га траўня ў сталіцы ладзіць акцыю і палітык Мікола Статкевіч. Святочны сход, прымеркаваны да Дня працы, мае распачацца а 14-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы. Палітык не стаў падаваць заяўку ў Менгарвыканкам на атрыманне дазволу, а толькі паінфармаваў менскія ўлады аб правядзенні такой акцыі.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum