Аб'ектыў 16.01.2017 Андрэю Бандарэнку турэмнікі помсцяць за праўду пра турмы


Ці выйдзе зняволены праваабаронца Андрэй Бандарэнка на волю сёлета ў сакавіку? Праз тры месяцы заканчваецца тэрмін ягонага ўтрымання за кратамі. Але вязню пагражаюць чарговыя два гады. Скаргаў жа самога Бандарэнкі суд да ўвагі не прымае.

Суд Шклоўскага раёну чарговы раз адмовіў задаволіць скаргу Андрэя Бандарэнкі

Праваабаронцу арыштавалі ўвесну 2014 года. Скарга датычыла пастаноўкі вязня на прафілактычны ўлік як «асобы, схільнай да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю ды хуліганскіх праяваў».

«Ніякіх доказаў, ніякіх падставаў для таго, каб яму такі статус прысвойваць, наколькі мне вядома, няма», – цвердзіць праваабаронца Барыс Бухель.

Андрэю «дакінуць» яшчэ пару гадоў?

Адметна ж тое, што менавіта такая не найлепшая характарыстыка можа быць вызначальнай у новай ужо крымінальнай справе супраць Андрэя Бандарэнкі.

Паводле абвінавачання, да турэмнага тэрміну могуць дадацца яшчэ два гады за нібыта злоснае непадпарадкаванне вязня адміністрацыі папраўчай установы.

«На яго ідзе мэтанакіраваны ціск. Нядаўна яму новае спагнанне за тое, што калі ён ішоў, рукі трымаў за спінаю, было складзена яшчэ некалькі рапартаў за нейкія правапарушэнні», – распавёў Барыс Бухель.

Ці біў апазіцыянер людзей?

Заснавальніка праваабарончай установы «Platform innovation» Андрэя Бандарэнку ў 2014 годзе асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі за хуліганства. Паводле суда, ён збіў суседку па падʼездзе і нібыта ўдарыў у твар мужчыну. Аднак шэраг праваабаронцаў ды грамадскіх актывістаў лічаць яго ахвяраю правакацыі, а справу – сфабрыкаванаю. Маўляў, сілавікі гэтак адпомсцілі Бандарэнку за праваабарончую дзейнасць, перадусім – за асвятленне жорсткіх умоваў утрымання ў беларускіх турмах. Працягваюць помсціць і цяпер.

«Яны проста хочуць яго зламаць маральна, каб ён сядзеў ціха і не мог займацца сваёй праваабарончай дзейнасцю, бо над ім ідзе катаванне, яго знішчаюць, чалавек у не нялюдскіх умовах жыве зараз», – упэўненая актывістка Вольга Нікалайчык.

Усяго на Андрэя Бандарэнку ў турме наклалі больш за дзясятак спагнанняў

Асуджаны са спагнаннямі пагаджаецца.

На волю ён меўся выйсці сёлета 31 сакавіка. У выпадку ж, калі Бандарэнку прызнаюць вінаватым паводле новай крымінальнай справы ды працягнуць тэрмін зняволення, праваабаронцы гатовыя прызнаць яго палітычным вязнем.

Настасся Храловіч, «Белсат».

Глядзі таксама
Каментары